Пры самым старым храме Мінска адкрылі кавярню
Петрапаўлаўскі сабор у раёне сённяшняй Нямігі пабудавалі яшчэ ў пачатку XVII стагоддзя. Зараз храм лічыцца найстарэйшым захаваным будынкам Мінска. Нядаўна проста на тэрыторыі царквы адкрылі кавярню пад назвай «Кіфа» — установу актыўна абмяркоўваюць у сацсетках. Асноўная тэма для спрэчак у сетцы: ці карэктна сумяшчаць храм і грамадскае харчаванне, піша Onliner.by.
— Першапачаткова планавалася, што гэта будзе месца для прыхаджан. Але мы падумалі, чаму б не сумясціць прыемнае з карысным і не пачаць прыцягваць людзей у храм праз такі прыемны бонус, як кава, — распавялі супрацоўнікі кавярні.
Паводле іх слоў, паток гасцей рэзка ўзрос за апошнія некалькі тыдняў. Хоць сама кавярня працуе з мая. Большасць супрацоўнікаў — тыя, хто быў у брацтвах пры царкве і захацеў падтрымаць ініцыятыву.
Зараз кавярня працуе з 9:30 (па нядзелях адкрываецца крыху пазней з-за доўгай службы) да 18:00, але госці ўжо просяць падоўжаць час працы.
Зярняты для кавы выбралі з Бразіліі, а дэсерты пячэ асабіста матушка — жонка святара.
— Ёсць нейкія спецыфічныя правілы наведвання?
— Па канонах у царкве ў жанчын павінна быць пакрытая галава, апранута спадніца. А мужчыны, наадварот, павінны быць без галаўных убораў. Але калі гэта не нейкая супер-міні, а проста джынсы, то чаму б не зайсці ў храм?
Некалькі разоў на тыдзень у нас праходзяць сустрэчы са святарамі, міні-экскурсіі па храме. Людзі, якія заходзяць менавіта ў кавярню, самі праяўляюць цікавасць. Пытаюцца: а можна мы зойдзем у храм, паглядзім? Часта заходзяць хлопцы з нефармальнай знешнасцю, якія наўрад ці трапілі б у храм пры іншых абставінах. І гэта вельмі радуе, што праз кавярню мы дасягаем нашай мэты.
— А як на кавярню адрэагавалі самі прыхаджане?
— Яны наогул у захапленні. І супрацоўнікі храма вельмі задаволеныя. Часта кажуць, што болей не даводзіцца заварваць напоі ў сябе ў ларку, а можна выпіць свежую каву з смачнай булачкай. Яшчэ і пажаданне добрай раніцы атрымаць! Пакуль асноўная частка месцаў за сталамі размешчана на вуліцы ў двары храма. Але ў кавярні ўжо пачалі задумвацца, як адаптаваць прастору пад халодны сезон.
Напрыканцы некалькі слоў пра назву. «Кіфа» — імя, якое Ісус даў апосталу Пятру. З арамейскай перакладаецца як «камень». Нагадаем, што знаходзіцца кавярня ў саборы святых апосталаў Пятра і Паўла.