Эмануэль і Брыжыт Макроны хочуць прывесці навуковыя доказы, што першая лэдзі Францыі з'яўляецца жанчынай
Макрон заявіў, што прагне аднавіць праўду.
Фота: Dan Kitwood / Getty Images
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і яго жонка Брыжыт плануюць прадставіць фатаграфічныя і навуковыя доказы ў амерыканскім судзе, каб даказаць, што первая лэдзі Францыі з'яўляецца жанчынай. Пра гэта ў падкасце BBC распавёў адвакат Макронаў у гэтай справе Том Клэр.
Эмануэль і Брыжыт Макроны падалі позву супраць амерыканскай ультраправай блогеркі Кэндзіс Оўэнс, якая сцвярджае, што Брыжыт насамрэч з'яўляецца мужчынам.
«Я не хачу сказаць, што гэта неяк вывела яго з раўнавагі. Але, як і любы чалавек, які спалучае кар’еру і сямейнае жыццё, калі ваша сям’я падвяргаецца нападам, гэта вас знясільвае. І ён не абаронены ад гэтага толькі таму, што ён прэзідэнт краіны», — сказаў адвакат.
Клэр сказаў, што ў судзе будуць «экспертныя сведчанні, якія будуць мець навуковы характар», і хоць на гэтым этапе ён не раскрывае іх дакладную сутнасць, ён адзначыў, што сямейная пара гатовая цалкам даказаць «як у агульным, так і ў канкрэтным сэнсе», што абвінавачанні з'яўляюцца хлуслівымі.
«Неверагодна прыкра думаць, што ты павінен пайсці і падвергнуць сябе гэтаму, каб прадставіць такога роду доказы», — сказаў адвакат.
«Яна (першая лэдзі Францыі) цвёрда вырашыла зрабіць усё неабходнае, каб аднавіць справядлівасць. Калі гэтая непрыемнасць і дыскамфорт, якія яна адчувае, адкрываючыся такім чынам, з’яўляюцца неабходнымі для аднаўлення справядлівасці і спынення гэтага — яна на 100% гатовая ўзяць на сябе гэты цяжар», — дадаў Клэр.
На пытанне, ці прадставяць Макроны фотаздымкі Брыжыт, на якіх яна цяжарная і выхоўвае дзяцей, Клэр адказаў, што такія фатаграфіі існуюць і будуць прадстаўлены ў судзе.
Оўэнс, былая каментатарка кансерватыўнага амерыканскага выдання Daily Wire, якая мае мільёны падпісчыкаў у сацсетках, неаднаразова выказвала сваю думку, што Брыжыт Макрон — мужчына.
У сакавіку 2024 года яна заявіла, што гатовая паставіць на карту «усю сваю прафесійную рэпутацыю» дзеля гэтай заявы.
У ліпені сямейная пара Макронаў падала пазоў супраць Оўэнс у ЗША. У пазове сцвярджаецца, што яна «праігнаравала ўсе вартыя даверу доказы, якія абвяргаюць яе сцвярджэнні, на карысць вядомых канспіролагаў і даказаных паклёпнікаў».
Макрон заявіў, што прагне аднавіць праўду.