Сёстрам Груздзевым не дазволілі выступіць на галоўным форуме ў Дзень адзінства, а падпісчыкі западозрылі іх у здрадзе
Артысткі заявілі, што гатовыя былі выступіць у Палацы спорту нават бясплатна — але для іх у святочнай праграме не знайшлося месца.
Сёстры Груздзевы. Фота з іх інстаграма
Пік славы сясцёр Груздзевых прыйшоўся на 2020 год. Скажам шчыра: тады шмат хто з простых людзей упершыню даведаўся пра іх існаванне. А ўсё дзякуючы таму, што артысткі напісалі допіс у падтрымку Лукашэнкі. У той момант нават некаторыя праўладныя зоркі лічылі ганебным публічна ўсхваляць яго.
Таму Груздзевых прапаганда радасна падхапіла на свае хвалі. Аляксандру і Валянціну пачалі клікаць на інтэрв’ю і розныя праўладныя мерапрыемствы. Нават на таемную інаўгурацыю Лукашэнкі прывезлі — імаверна, у знак удзячнасці.
Цяпер выглядае, што Груздзевы выпалі з першага эшалону. Іх усё яшчэ цягаюць па канцэртах і так званых дыялогавых пляцоўках у рэгіёнах. Але ўсё ж да папулярнасці 2020 года эпатажным сёстрам далёка.
У Дзень народнага адзінства ім не далі выступіць у Палацы спорту, дзе адбыўся форум «патрыятычных сілаў». Адсутнасць Груздзевых на адным з галоўных мерапрыемствах прымусіла падпісчыкаў артыстак задумацца аб тым, ці сапраўды жанчыны ўсё яшчэ адданыя рэжыму.
У агульным інстаграме Аляксандра і Валянціна апублікавалі пытанне, якое атрымалі ў асабістыя паведамленні (жанчыны сцвярджаюць, што аналагічных было шмат).
Падпісчык цікавіўся, ці выступалі артысткі недзе ў іншым горадзе ў Дзень народнага адзінства і нават западозрыў тых у здрадзе: «Вы ж, я памятаю, аднымі з першых сталі абараняць Радзіму нашу, а што, вы ўжо на другі бок перайшлі? Сумна, калі гэта так!»
Груздзевых такая тэорыя пакрыўдзіла: «Мы гатовы былі выступіць нават бясплатна ў Палацы спорту на канцэрце, прысвечаным Дню народнага адзінства. Хаця б у агульнай песні! Але быць разам з краінай. Спецыяльна не ехалі ні ў які горад, хацелі быць у Мінску. Але нам сказалі, што гэта немагчыма. Хто піша, што мы адмовіліся праз маленькі ганарар — вось вам праўда! Дарэчы, і ў мінулым годзе мы таксама гатовы былі выступіць бясплатна».
Неабыякавы падпісчык Груздзевых сумаваў праз адсутнасць на канцэрце і іншых ранейшых зорак лукашэнкаўскіх святаў — Аляксандра Саладухі, Ірыны Дарафеевай і Алёны Ланской. Апошняя, між іншым, у Дзень народнага адзінства зрабіла допіс у інстаграме, дзе, здаецца, больш крыўды, чым віншаванняў:
«Дзякуй Вам, мае Браты па духу, што былі ў тыя складаныя часы для нашай Беларусі. Гэта было шчыра і сумленна. Мы выстаялі тады і выстаім зараз! Алёна Ланская заўсёды была і будзе з вамі, хто б што не…».
Чытайце таксама:
Канапацкая прысутнічала на сустрэчы Лукашэнкі з ідэалагічным актывам
Галоўны ідэолаг расказаў, як прапагандыстам давядзецца працаваць пасля сустрэчы з Лукашэнкам