«Ты села ў турму і не падумала пра мяне». Ларыса Шчыракова пра пачуццё віны перад сынам
Былая палітзняволеная журналістка Ларыса Шчыракова ў новым выпуску ТОКу распавяла, што давялося перажыць яе сыну пасля яе затрымання і пра ліст ад яго, што ледзь не давёў яе да інфаркту.
Па словах Ларысы, яшчэ да затрымання яна дамовілася са сваёй пляменніцай, што тая ў выпадку арышту возьме апеку над сынам. Аднак сын дакараў яе, што яна паступіла эгаістычна:
«Натуральна, я разумела, што пайду ў турму. Тут у мяне вялікае пачуццё віны перад сынам за тое, што я ўсё ж не падумала пра яго. І ён мне потым пра гэта казаў, што ты села, і ты не падумала пра мяне. Глабальна не падумала. Натуральна, я паклапацілася, каб была апека аформлена, каб грошы ў яго былі і ўсё. Але ён кажа: «Ты падумала пра сябе. Табе хацелася застацца…».
Ларыса Шчыракова з сынам. Крыніца тут і далей: фэйсбук Ларысы Шчыраковай
Шчыракова прызнаецца, што яе рашэнне не з'язджаць з Беларусі было прадыктавана надзеяй, што, адседзеўшы, яна зможа застацца на радзіме.
«Я думала, што такім чынам куплю сабе права жыць у Беларусі. Бо я думала: я вось з'еду зараз — і ў мяне не будзе такой магчымасці. А я хачу жыць у Беларусі! Я думаю: ну вось я сяду, хоць я ні ў чым не вінаватая, адсяджу і ўсё, буду жыць дома». Я зараз разумею, што гэта былі ілюзіі, што я была надта наіўная. Атрымліваецца, я паставіла гэта вышэй за свайго сына. Што я паступіла тут эгаістычна. Бо я зрабіла так, як я хацела. А ён вельмі пацярпеў. Для яго шмат было траўм».
Як згадвае Шчыракова, да моманту арышту сын два гады жыў у сітуацыі пераследу маці. Ён неаднаразова быў сведкам ператрусаў у іх доме.
«Уяўляеце сабе: сёмая гадзіна раніцы, зіма, ноч, і ў кожным акне стаіць амапавец у чорным і грукае ў дзверы, у вокны. І сабакі брэшуць. (…) Я не заўжды адчыняла дзверы, бо мне трэба было схаваць тэхніку. І мне трэба было паведаміць пра тое, што да мяне прыйшлі. (…) Ён бегае за мной і кажа: «Мама, мама, а маё не забяруць? А мой камп’ютар не забяруць? А мой тэлефон не забяруць?». (…) Разам са мной траўмаваўся і мой сын. Гэта і боязь таго, што мяне забяруць. І наогул усе гэтыя сцэны даволі цяжкія для 15-16‑гадовага падлетка», — згадвае Ларыса.
Бацька-выратавальнік, які не вытрымаў
Пасля арышту Ларысы, яе сын часова быў змешчаны ў сацыяльна-педагагічны цэнтр (СПЦ).
«Гэта па законе. То-бок тут яны не парушылі закона ні на каліва, — тлумачыць яна. — Калі сын пражывае з маці, якая знаходзіцца ў разводзе, і яе закрываюць па крымінальнай справе, дзіця застаецца без апекі. Сын непаўналетні і не мае права заставацца адзін. Ён павінен быць змешчаны пад чыйсьці дагляд».
Ларыса разам з сынам. 2018 год
Ларыса заўважае, што, магчыма, калі б яна жыла са сваімі бацькамі, сын бы змог застацца з імі. Аднак яна не ўпэўненая ў гэтым:
«Я не ўпэўнена. Па-першае, яны старыя, а па-другое, мне варта было аформіць генеральную даверанасць, што ў выпадку чаго я давяраю, каб яны жылі. Нешта такое, магчыма, я магла зрабіць. Я проста пра гэта не падумала».
У выніку сын апынуўся ў сацыяльна-педагагічным цэнтры (СПЦ), а пазней быў перададзены біялагічнаму бацьку, які не бачыў хлопца з пяці гадоў і жыў у Навасібірску.
«Бацька ж не пазбаўлены бацькоўскіх правоў. То-бок яму не ў апеку аддалі дзіця, а проста аддалі ягонае дзіця, таму што ён біялагічны бацька. Ён прынёс даведку, што яму ёсць дзе жыць і ў яго няма праблем са здароўем», — расказвае Шчыракова.
Для падлетка з'яўленне бацькі было сапраўдным цудам.
«Ён быў вельмі шчаслівы, таму што ён жа чакаў, што яго забяруць [у дзіцячы дом]. (…) І вось бацька для яго быў проста выратавальнік. Да такой ступені, што ён проста на яго глядзеў як на бога, што ён яго проста выратаваў з гэтай егіпецкай няволі, з гэтага СПЦ. Бацька быў проста супер-герой».
Снежань 2022 года.
Як расказвае Шчыракова, бацька «тры месяцы нармальна выконваў свае абавязкі, проста бацька-бацька быў», «яны хадзілі і ў трэнажорную залу, і размаўлялі гадзінамі».
Са свайго боку сын «шчыра спрабаваў яго палюбіць, даведацца пра яго. Яны шмат размаўлялі, шмат бавілі час. (…) Апроч таго, ён быў вельмі ўдзячны яму, што знаходзіцца на волі, што яго не забралі ў дзіцячы дом».
Аднак праз тры месяцы мужчына сутыкнуўся з рэальнасцю выхавання падлетка, якога Ларыса называе «складаным».
«Калі вы крытыкуеце былую жонку, што яна кепска выхоўвае, знаходзячыся за 2000 кіламетраў ад дзіцяці, — гэта адно. А калі вы ў ролі бацькі, вы выхоўваеце яго. Гэта іншая справа. Гэта не так усё проста. (…) Свят — такі вельмі спецыфічны малец. (…)
Гэта такая штодзённая цяжкая праца — выхоўваць дзяцей. І не кожны здольны на сябе такое ўзяць і працаваць. Таму што фактычна ты працуеш, а дома ў цябе яшчэ адна праца. У выпадку са Святам гэта стопрацэнтна было так, таму што ён складаны падлетак.
Ён не хацеў вучыцца, і хатнія заняткі — гэта быў проста бой. Прымусіць яго сесці і вучыцца — гэта трэба было прыкласці намаганні. І рабіць гэта кожны дзень, і гэта ўсё праз нервы, праз пераадоленне».
Гэтая «цяжкая штодзённая праца» аказалася непад'ёмнай для бацькі. У выніку ён проста пакінуў сына аднаго (апеку пасля аформіў дзядуля хлопца).
«Ён не здолеў. (…) Ён проста пакінуў яму 15 [беларускіх] рублёў. Быў шчаслівы бязмерна, што той з'язджае. (…) Пацалаваў і кажа: «Ведаеш, сын, ты будзеш цяпер адзін жыць».
Учынак бацькі стаў для падлетка глыбокай траўмай. Ларыса згадвае, што, даведаўшыся пра гэта, адчула моцны боль за сына, які ўспрыняў сітуацыю вельмі востра.
«Прабачце, канечне, гэта мой былы муж, але ён рэдкі мудазвон. Проста я не ўяўляла сабе памеру. Калі пра гэта даведалася, мне было вельмі крыўдна за Свята. І ён таксама вельмі пакрыўдзіўся. Ён казаў са слязамі на вачах: «Ну як ён можа? Ён жа мой бацька».
Па словах Ларысы, яна свядома вырашыла не разбураць дашчэнту аўтарытэт бацькі, хоць і была ўпэўненая ў ягонай непрыстойнасці.
«Я заўжды прытрымліваюся меркавання: я не мушу ягоны аўтарытэт бэсціць. Я не мушу казаць, што ён кепскі. Хаця я стопрацэнтна была ўпэўнена, што ён такі і ёсць, як пра яго Свят мне распавядае. Я пачынала казаць: «Даражэнькі Свяцік, ну ў яго нейкія там праблемы, можа, ён там таксама пакутуе ад чагосьці». Карацей, прыдумляла нешта такое, каб неяк гэты стрэс знізіць, каб гэтую крыўду [паменшыць]».
Аднак гэтая крыўда, па словах Шчыраковай, не прайшла хутка. Яна заставалася з сынам яшчэ доўгі час.
«Вось два гады прайшло, і крыўда яшчэ была. І вось я чую, як ён са мной размаўляе, і гэта крыўда ёсць», — заключае яна.
Жнівень 2022 года
Ліст-тролінг, які ледзь не давёў да інфаркту
Знаходзячыся ў калоніі, Ларыса ўвесь час хвалявалася за сына. Аднойчы яна атрымала ад яго ліст, які ледзь не каштаваў ёй здароўя.
«Ён мне піша: «Мамачка, я пафарбаваўся ў белы колер — але гэта ўжо не актуальна. А яшчэ я пракалоў сабе брыво і завушніцу ўсунуў. І вушы пракалоў. І пачаў паліць цыгарэты, але не ў зацяжку. Піва стаў піць безалкагольнае і набіў татуху «не забуду маці родную».
Я думала, што ў мяне ўжо інфаркт ходзіць. Я апусціла гэты ліст, у мяне слёзы на вачах. Ведаючы, што многія дзеці, якія засталіся без бацькоўскага кантролю, вельмі часта становяцца злачынцамі… І я падумала: ну вось, маці пасадзілі, бацька з’ехаў. І ўсё, дзіця прапала. Проста прапала».
Як высветлілася пазней, гэта быў проста жорсткі жарт. Сын з сябрамі вырашылі такім чынам «павесяліць маму».
«Яны проста забаўляліся. Яны маму хацелі парадаваць, хацелі маму павесяліць. Яны проста сядзелі на гулянцы і пісалі, як казакі пішуць пісьмо турэцкаму султану», — расказвае Ларыса.