БЕЛ Ł РУС

Павел Мажэйка: Нашая місія — зрабіць Беларусь нармальнаю краінаю

21.09.2025 / 14:15

Nashaniva.com

Журналіст, грамадскі актывіст, былы палітычны вязень Павел Мажэйка, які выйшаў на волю 11 верасня разам з іншымі палітычнымі вязнямі з дапамогаю ЗША, апавёў у праграме «Раніца з «Белсатам» пра першыя прыемныя ўражанні на волі, а таксама падзяліўся думкамі пра становішча палітзняволенага палітыка Міколы Статкевіча, якога таксама мелі вывезці ў Літву, але той адмовіўся.

Былы палітвязень Павел Мажэйка на волі. Фота: hrodna.life

Павел Мажэйка дасюль не можа прызвычаіцца да яскравых колераў:

«Турма — гэта больш пра чорна-белае. Таму з захапленнем назіраю за каляроваю мітуснёю».

На пытанне, што смачнага журналіст паспеў паесці на волі, адказвае: галоўнае, з кім есці, а не што.

«Калі ты маеш магчымасць абняць родных, сям’ю, гэта найважнейшая, поўнае розных вітамінаў і амінакіслотаў смаката. Гэта я ўжо засведчыў, перажыў. Спрабую кожны дзень падсілкоўваць сябе добрымі ўражаннямі і глядзець наперад, абсалютна разумеючы, што нашая місія — а я мяркую, што чалавек тады чалавек, калі мае нейкую місію — зрабіць Беларусь нармальнаю краінаю, дзе ніхто не мусіць сядзець за свае погляды, не мусіць уцякаць з краіны і быць гвалтоўна вывезены, і павінен мець права выбару», — кажа Павел Мажэйка.

Ён таксама падзяліўся думкамі пра стан Міколы Статкевіча, які быў вызвалены разам з ім, але адмовіўся ехаць у Літву і вярнуўся ў Беларусь. Верагодна, Статкевіч ізноў за кратамі.

«Там чалавек абсалютна бяспраўны, а калі ты палітзняволены, то ў некалькі разоў больш. Не хачу дадаваць трагізму, але разумею, што адміністрацыя гэтай установы можа рабіць з Міколам усё, што заўгодна. Спадзяемся, ён пад даглядам, забяспечаны медычнаю дапамогай, але трэба разумець, што можа быць усё», — дадаў былы палітвязень.

Ён распавёў, што пакаранні ў месцах зняволення могуць быць з абсалютна надуманых прычынаў. Напрыклад, Мажэйка неяк трапіў у ШІЗА, калі супрацоўнік калоніі заявіў, што Павел не павітаўся, хоць гэта было няпраўдаю.

Паўла Мажэйку затрымалі ў Беларусі 30 жніўня 2022‑га і пакаралі 6 гадамі зняволення паводле артыкулу 361‑4 КК («спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Быў вызвалены пасля візіту дэлегацыі ЗША ў Мінск 11 верасня разам з яшчэ 51 палітвязнем. Аднак Мікола Статкевіч адмовіўся ад дэпартацыі і вярнуўся ў Беларусь.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула