БЕЛ Ł РУС

Беларуска Марыя Жодзік прынесла Польшчы адзіны медаль на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы — срэбра

21.09.2025 / 17:5

Nashaniva.com

Беларуска з польскім пашпартам, якая асудзіла рэпрэсіі і вайну, усталявала асабісты рэкорд у найцяжэйшых умовах і перамагла рэкардсменку свету. А яшчэ нядаўна яна працавала ў «Макдональдсе».

Марыя Жодзік. Фота: 24sport.by

Беларуска Марыя Жодзік, якая выступае за Польшчу, заваявала срэбра ў скачках у вышыню на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Токіа. Гэта адзіны медаль для зборнай Польшчы на турніры.

Жодзік усталявала асабісты рэкорд, упершыню ў кар’еры ўзяўшы гросмайстарскую вышыню 2 метры. Прычым Марыя зрабіла гэта ў найцяжэйшых умовах. Падчас спаборніцтваў у Токіа пачалася магутная залева, якой не далі рады многія фаварыткі.

У тым ліку рэкардсменка свету з Украіны Яраслава Магучых — спартсменка, найлепшы вынік якой 2 метры 10 сантыметраў, не змагла ўзяць 2 метры і засталася з бронзай. Медаль яна падзяліла з сербкай Ангелінай Топіч.

А Жодзік, асабісты рэкорд якой складаў 198 сантыметраў, 2 метры ўзяла. Максімальна драматычна, з трэцяй спробы. Вышыня 202 сантыметры ёй не пакарылася. Чэмпіёнкай свету стала аўстралійка Нікола Оліслагерс. Яна ўзяла тыя ж 2 метры, але абышла беларуску з польскім пашпартам па спробах.

Марыя Жодзік нарадзілася ў Баранавічах. У 2020 годзе падпісала ліст спартсменаў супраць фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту. А ў 2022 годзе ў інстаграме апублікавала пост з асуджэннем расійскай агрэсіі супраць Украіны. У тым жа годзе Марыя перабралася ў Польшчу. Першы час ёй даводзілася працаваць у «Макдональдсе» і трэніравацца самастойна. Але потым яна знайшла мясцовага трэнера, уладкавалася ў спартовы клуб у Беластоку, атрымала грамадзянства і прабілася ў зборную Польшчы. А цяпер стала срэбнай медалісткай чэмпіянату свету.

Лёгкаатлеты са зборнай Беларусі ад усіх міжнародных спаборніцтваў адхіленыя. Пазіцыя кіраўніцтва сусветнай лёгкай атлетыкі такая: яны не вернуцца, пакуль вайна ва Украіне не скончыцца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула