Кожны шосты нафтавы танкер у свеце належыць да расійскага «ценявога флоту»
На пачатку 2025 года гэты «ценявы флот» налічваў каля 940 суднаў.
Фота: Украінская праўда
Расія змагла абысці заходнія санкцыі, стварыўшы «ценявы флот» нафтавых танкераў. Паводле ацэнак, каля 17% ад усіх дзеючых суднаў такога класа выкарыстоўваецца для перавозкі расійскай нафты, піша «Украінская праўда» са спасылкай на The New York Times.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе Захад увёў шэраг санкцый, скіраваных на абмежаванне прыбыткаў Крамля ад экспарту нафты. Аднак РФ хутка наладзіла новую схему заробку: яна сабрала флот старых суднаў з непразрыстай структурай уласнасці, якія тайна дастаўляюць нафту ў Кітай, Індыю і іншыя аддаленыя рынкі.
Паводле падлікаў S&P Global Market Intelligence, на пачатку 2025 года гэты «ценявы флот» налічваў каля 940 суднаў — на 45% больш, чым годам раней. Яго доля складае прыблізна 17% ад усяго сусветнага танкернага флоту.
Шмат якія з гэтых суднаў працуюць без належнага страхавання, часта змяняюць сцягі, падаюць ілжывыя даныя пра месцазнаходжанне і ажыццяўляюць перагрузку нафты ў моры. Гэта ўскладняе адсочванне паходжання нафты і кантроль за выкананнем санкцый.
Паводле дадзеных S&P, сярэдні ўзрост суднаў складае каля 20 гадоў, у параўнанні з 13 гадамі для нафтавага флоту ў цэлым.
«Адсутнасць страхавання ў спалучэнні з вельмі старымі суднамі павялічвае рызыку экалагічнай катастрофы», — сказала Наталля Гозак, дырэктар офіса Greenpeace Украіна.
Акрамя таго, некаторыя з гэтых суднаў падазраюцца ў падводным сабатажы — пашкоджанні трубаправодаў або кабеляў.
«Шмат хто хоча зрабіць найпрасцейшую частку — увесці санкцыі. Але насамрэч мы стварылі яшчэ большую праблему. Санкцыі не выводзяць іх з бізнесу. Яны выводзяць іх з легальнага бізнесу», — падкрэсліў эксперт па марской бяспецы і заснавальнік даследчай фірмы I.R. Consilium Ян Ралбі.