Кіраўнік БРСМ стаў галоўным ідэолагам Мінска
Начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама прызначаны Аляксандр Лук'янаў, паведамляе Мінгарвыканкам.
Лук'янаў нарадзіўся 10 чэрвеня 1989 года ў Магілёве ў сям’і ратавальніка. Скончыў інстытут МНС. Працаваў начальнікам аддзела ў Навукова-даследчым інстытуце пажарнай бяспекі і надзвычайных сітуацый МНС. З 2021 года ён быў кіраўніком БРСМ.
На пару з Рыгорам Азаронкам у свой адпачынак Лук'янаў у 2023‑м наведваў акупаваныя тэрыторыі Запарожскай і Херсонскай абласцей. Летась наведваў захопленую расіянамі Аўдзееўку.
Разам з фондам Аляксея Талая пасля пачатку вайны ва Украіне ідэолаг збірае для дзяцей Данбаса гуманітарку і кіруе працэсам іх аздараўлення ў Беларусі.
Перад гэтым галоўным ідэолагам Мінска была экс-прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава, якую ў чэрвені абралі старшынёй партыі «Белая Русь».
Новым кіраўніком упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама стаў Сяргей Шакель, які раней займаў пасаду начальніка аддзела жыллёвай палітыкі адміністрацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска.