БЕЛ Ł РУС

«Не можам трапіць у Беларусь». Утварылася чарга на латвійскай мяжы, аўтобусы стаяць з вечара

22.09.2025 / 9:58

Nashaniva.com

На латвійска-беларускай мяжы ўтварылася вялікая чарга з транспарту. Людзі стаяць з вечара без элементарных умоў — туалетаў няма, нават хадзіць у лес забаранілі памежнікі, піша Onliner. 

Чытачка распавяла Onlíner пра сітуацыю на латвійска-беларускай мяжы. Паводле яе слоў, аўтобусы, што прыехалі туды яшчэ ўчора ўвечары, да гэтага часу не могуць перасекчы мяжу, каб уехаць у Беларусь.

— Мы прыехалі на мяжу ўчора ў 18:30. Да 08:30 сітуацыя не змянілася: стаім дагэтуль на латвійскім баку. Умоў няма ніякіх: туалетаў няма, людзі ходзяць у лес, — распавяла суразмоўца. — Дакладней, хадзілі: цяпер памежнікі і гэта забараняюць — пагражаюць штрафам.

Паводле яе слоў, увечары, калі яны толькі сталі ў чаргу аўтобусаў, былі дзясятымі. Цяпер — чацвёртыя.

Гэта значыць, прыкладна за 10 гадзін латвійскую мяжу прайшлі 6 аўтобусаў.

Жанчына распавяла, што з Беларусі выязджала праз польскую мяжу, калі яшчэ пункт пропуску «Тарэспаль» быў адкрыты. Мяркуючы па ўсім, іх аўтобус тады быў адным з апошніх, хто паспеў праехаць.

— Ехалі мы праз Польшчу. З Мінска выехалі 9 верасня ў 14:00, мяжу перасеклі 11 верасня ў 22:30, — распавяла яна.

Цяпер вярнуцца той жа дарогай нельга, «Тарэспаль» зачынены, як і ўсе астатнія пункты пропуску на польскай мяжы. Літва або Латвія — вось што засталося для людзей, якія спрабуюць вярнуцца аўтобусамі або аўтамабілямі з ЕС у Беларусь.

Польшча закрыла мяжу з Беларуссю ў ноч з 11 на 12 верасня ў сувязі з пачаткам расійска-беларускіх вучэнняў «Захад-2025», якія завяршыліся 16 верасня. Польскі бок паведаміў, што мяжу адкрыюць, калі палічаць гэта бяспечным.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула