У Гродне з'явілася новая знакамітасць — прыгожы руды кот
Руды кот з'явіўся на вуліцах Гродна некалькі тыдняў таму. Часцей за ўсё ката можна сустрэць на вуліцы Савецкай, а таксама побач з рэстаранам «Бакст». У канцы верасня гарадзенцы пачалі актыўна публікаваць відэа з катом у тыктоку, піша Hrodna.life.
Некаторыя гарадзенцы перажываюць, што жывёле можа пагражаць САХ. І спадзяюцца, што «папулярнасць» у сацсетках зробіць сваю справу. «Вядома, сабаку Барону вядомасць не асабліва дапамагае. Знайшоўся чалавек, якому ён перашкаджае ў парку», — напісала Ірына.
Мяркуючы па каментарах гарадзенцаў пад іншым відэа, кот не бездаглядны. У яго ёсць гаспадыня. Як мяркуецца, фота з ёй выклалі ў каментарах.
«Жывуць у цэнтры. Ён яе часта суправаджае», — напісала Ірына Пашпекіна
Гараджане адзначаюць, што кот «ласкавы і агрэсіўны» адначасова. Часам жывёла дазваляе сябе пагладзіць, але можа і ўкусіць.
«Артыст. Любіць публіку», — напісаў Marsy.
«Сядзіць такі: глядзець дазваляю, на гэтым усё», — каментуе alinka.krauchuk.
«Працую ў цэнтры. Рэальна кожны дзень бачу», — расказала Ксюта1971.
«Калі коцік у нашыйніку, то ён часта прыходзіць у галерэю Тызенгаўза пагуляцца з галерэйным катом Лаўрыкам», — адзначыў 6 800 375о.