Важыць 73 кг, і гэта пасля таго, як патаўсцеў у шпіталі. Анжаліка Борыс распавяла пра сустрэчу ў турме з Анджэем Пачобутам
«Асабіста я вельмі за яго хвалююся». Кіраўніца Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс расказала выданню Rzeczpospolita пра сустрэчу з журналістам Анджэем Пачобутам.
У Анжалікі спыталі, як ёй удалося дабіцца сустрэчы з Анджэем Пачобутам у папраўчай калоніі ў Наваполацку.
Яна кажа, што раней звярталася з просьбай да Аляксандра Лукашэнкі, ад імя Саюза палякаў прасіла вызваліць Анджэя і даць магчымасць пабачыцца з ім у калоніі.
— У аўторак мне паведамілі, што я маю дазвол і павінна а 14‑й гадзіне быць у Наваполацку. Мы размаўлялі больш за паўтары гадзіны. Псіхалагічна Анджэй адчувае сябе добра, атрымлівае таксама неабходныя лекі. Тыдзень ён быў у шпіталі.
Па яе словах, Анджэй пытаў пра сям'ю, знаёмых і сяброў. Цікавіўся дзейнасцю Саюза палякаў.
— Я расказала яму, што мы вядзём навучанне польскай мове. Дзейнасць нашай арганізацыі для Анджэя — вельмі важная справа. Польская меншасць у Беларусі не займаецца палітыкай, мы не хочам ніякай канфрантацыі. Ніколі не былі палітычнай арганізацыяй
Борыс паведаміла Пачобуту, што ад імя СПБ звярнулася да Лукашэнкі.
Карэспандэнт удакладніў, што адказаў Пачобут.
— Сказаў, што Бог кожнаму вызначыць яго шлях. Ён давярае сваё жыццё Богу. Занадта шмат перажыў, ужо адседзеў большую частку прысуду. Перадаў, каб сям'я не хвалявалася за яго. Пасля сустрэчы збіраюся таксама наведаць яго бацькоў. Усіх вітае і сардэчна дзякуе за памяць, — адказала Борыс.
Яна кажа, што Анджэй важыць 73 кілаграмы, і гэта ён патаўсцеў у шпіталі.
— Турма — не санаторый. Ён не скардзіцца. Асабіста я вельмі за яго хвалююся. Гэта мая прыватная ацэнка. Таму я напісала прэзідэнту.
На пытанне, ці пачуе Лукашэнка гэту просьбу, яна адказала:
— Заўсёды трэба мець надзею. Я спадзяюся, што прэзідэнт прыслухаецца да просьбы палякаў, грамадзян Беларусі.
Яна адмовілася каментаваць, ці звязана тое, што ёй дазволілі сустрэцца з Анджэем Пачобутам, з рашэннем прэм'ера Дональда Туска адносна адкрыцця мяжы з Беларуссю.
— Я не хацела б спекуляваць. Я не маю інфармацыі на гэтую тэму. Як старшыня Саюза палякаў на Беларусі, я размаўляю пра вызваленне Анджэя як з польскім, так і з беларускім бокам.
Журналіст нагадаў, што ў жніўні мінулага года Борыс расказала пра сваю першую сустрэчу з Анджэем Пачобутам у турме, якая адбылася ў красавіку 2024 г. Тады яна паведамляла, што Анджэй пагадзіўся пакінуць Беларусь. Што сказаў ён гэтым разам?
— Мы ўвогуле не закраналі гэтую тэму. У нас было шмат іншых спраў для абмеркавання, занадта шмат усяго адбылося.
— Няўжо ёсць шанец, што Аляксандр Лукашэнка вызваліць Анджэя Пачобута, дазволіўшы яму застацца ў Гродне? — спытаў карэспандэнт.
— Пабачым, — адказала Борыс.
На пытанне, чаму яна сама не з'ехала, Анжаліка адказала:
— Я не магла з'ехаць, пакінуўшы ў турме Анджэя. І што самае галоўнае, мая польскасць — над Нёманам. Я люблю Беларусь. Я на сваім месцы, змяняюцца толькі абставіны вакол мяне. Калі ёсць хоць тонкая нітка дыялогу, я буду яе выкарыстоўваць.