У тыктоку паказалі, як вырабляюць бабруйскі зефір ручной работы. Людзі здзівіліся
У тыктоку хутка набрала папулярнасць відэа з бобруйскай фабрыкі «Чырвоны харчавік», дзе робяць зефір «Дзьмухавец». Адна з работніц паказала працэс нанясення шакаладнай глазуры і вафельных драбкоў на зефір, і карыстальнікаў здзівіла, што кожны кавалачак афармляецца ўручную, заўважыў Mogilev.online.
Фота: golda200710/TikTok
У каментарыях многія прызналіся, што былі ўпэўненыя: на такіх прадпрыемствах усё працуе на канвееры. Аднак на ўпакоўцы «Дзьмухаўца» сапраўды пазначана, што гэта ручная работа.
Рэакцыі на пабачанае падзяліліся: адныя напісалі, што такі падыход — «мастацтва» і зефір робіцца «з душой», іншыя ж лічаць, што працэс трэба даўно аўтаматызаваць. Адна карыстальніца назвала гэта «працай мары», але іншая запярэчыла: «Я б не змагла — цэлы дзень сядзець і калупацца з кожнай зефірынкай!»
Таксама каментатары звярнулі ўвагу на цану прадукта: цяпер зразумела, чаму «Дзьмухавец» такі дарагі. Напрыклад, у сетцы Green за ўпакоўку з 8 штук просяць 18,25 рубля, а на маркетплэйсах — каля 20 рублёў.
Чытайце таксама:
«Рэйв на заводзе». Зумеры падымаюць продажы беларускіх прадпрыемстваў, здымаючы вірусны кантэнт