БЕЛ Ł РУС

У Гродне пенсіянер падклаў запальнае прыстасаванне пад аўтамабіль знаёмага

25.09.2025 / 15:52

Nashaniva.com

У Гродне суд прысудзіў 70‑гадовага пенсіянера да трох гадоў калоніі. Мужчына зрабіў самаробнае запальнае прыстасаванне і пакінуў яго пад аўтамабілем знаёмага, каб таго напалохаць, паведамляе Следчы камітэт. 

Яшчэ ў красавіку пацярпелы паведаміў міліцыі, што нехта спрабаваў падпаліць яго машыну. На месцы знайшлі скрынку з небяспечным механізмам, якую сапёры абясшкодзілі. Унутры былі фрагменты бутэлькі, порах, будзільнік з батарэйкай, тканіна і лён, злучаныя паміж сабой правадамі. Таксама побач былі ёмістасці з бензінам.

У той жа дзень затрымалі 70‑гадовага пенсіянера. Пры вобшуку ў ягонай кватэры знайшлі порах, патроны і каністры з палівам. Спачатку ён маўчаў, але пазней прызнаўся, што зрабіў прыладу, каб напалохаць пацярпелага, і настойваў, што яна не магла спрацаваць. Экспертыза, аднак, засведчыла адваротнае — гэта было сапраўднае запальнае прыстасаванне.

Мужчыны ведалі адзін аднаго каля года: пацярпелы дапамагаў пенсіянеру ў куплі зямельнага ўчастка. Канфліктаў паміж імі не было.

У выніку пенсіянеру прад’явілі абвінавачанні ў незаконным захоўванні выбуховых і запальных рэчываў, а таксама ў замаху на пашкоджанне чужой маёмасці небяспечным для грамадства спосабам. Суд прызначыў яму тры гады пазбаўлення волі.

Чытайце таксама:

У Магілёве дзед у кавярні даў кіем па галаве мужчыну, што груба і гучна сварыўся з жонкай

У Драгічынскім раёне 75‑гадовая жанчына памерла, атруціўшыся грыбамі

Сястра засцерагла пажылую мінчанку ад пераводу махлярам усіх грошай

Каментары да артыкула