БЕЛ Ł РУС

Літва і Беларусь маюць гарачую лінію для папярэджання пра расійскія беспілотнікі

26.09.2025 / 13:29

Nashaniva.com

«Ва ўсіх гэтых інцыдэнтах Расія імкнецца праверыць краіны NATO на ўсходнім флангу», — лічыць намеснік міністра абароны Літвы Томас Гадляўскас.

Ілюстрацыйнае фота Efrem Lukatski / AP

Намеснік міністра абароны Літвы Томас Гадляўскас паведаміў пра наяўнасць гарачай лініі з Беларуссю для папярэджання пра расійскія беспілотнікі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю Die Welt, кажучы пра інцыдэнты з парушэннямі паветранай прасторы ў еўрапейскіх краінах.

«Ва ўсіх гэтых інцыдэнтах Расія імкнецца праверыць краіны NATO на ўсходнім флангу», — лічыць Гадляўскас.

Па яго словах, Масква хоча ведаць, наколькі згуртаваны альянс і якімі метадамі ён рэагуе на такія правакацыі. Адной з рэакцый на гэта з’яўляюцца кансультацыі ў адпаведнасці з артыкулам 4 Дамовы аб NATO, якая прымяняецца, калі дзяржава-член лічыць, што яе недатыкальнасць, палітычная незалежнасць ці бяспека знаходзяцца пад пагрозай.

«Зараз вядуцца дыскусіі пра тое, як мы можам умацаваць усходняе крыло. Асабліва краіны, што мяжуюць з Расіяй або Беларуссю, вельмі сур’ёзна ставяцца да пагрозаў у агульнай паветранай прасторы», — падкрэсліў ён.

У цяперашні час вывучаюцца спосабы адэкватнага рэагавання на такія правакацыі. Так, у Літве цяпер будзе дазволена збіваць дроны ў мірны час.

«Для нас у рэгіёне пагроза з боку Расіі не з’яўляецца нечым новым. Масква не хоча весці перамовы і цяпер узмацняе ціск з дапамогай кібератак, дыверсій на крытычна важных аб’ектах інфраструктуры, перашкод GPS і дэзінфармацыі. Аднак гэта ўзмацняе наша ўсведамленне таго, што мы павінны рабіць больш і знайсці правільныя інструменты для процідзеяння такім атакам», — заявіў намеснік міністра.

Гадляўскас кажа, што заходнія краіны павінны падрыхтавацца да змененага сцэнара пагрозаў: «20 гадоў таму амаль ніхто не думаў пра звычайную (канвенцыйную) вайну, хутчэй пра тэрарыстычныя акцыі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула