Узорнага старасту вёскі і прадпрымальніка з Бабруйска кінулі за краты: падобна, за «Гаюна». Вось як на яго маглі выйсці
Івана Юшкевіча хваліла раённая прэса, а мясцовыя ўлады называлі ўзорным старастам вёскі. Але нядаўна яго асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Невядома, за што менавіта яго затрымалі, але зразумела, як маглі вылічыць.
Іван Юшкевіч. Фота: Укантакце
Івану Юшкевічу 48 гадоў. Ён з Бабруйска. Іван — прадпрымальнік як мінімум з 2001 года. Мяркуючы па ягоных сетках, ён кіраваў буйной крамай электронікі xtreme.by у Бабруйску.
У 2013 годзе Іван з жонкай і сынам пераехаў у заняпалую вёску Продвіна Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Некалі ў ёй жылі больш за 300 чалавек, але на момант перасялення Івана засталося троху больш за дзясятак жыхароў.
Іван стаў старастам вёскі і ажыўляў яе па меры сілаў. Ён пачаў праводзіць штогадовы фэст у гонар дня стварэння вёскі. Таксама ён стараецца зрабіць вёску лепшай: акультурвае, узнавіў крыж у гонар загінулых падчас Другой сусветнай жыхароў, пачысціў агульны калодзеж. Таксама ён упрыгожыў свой дом і стаў улюблёнцам мясцовых жыхароў. Раёнка называе яго «неабыякавым чалавекам» і «руплівым гаспадаром».
Івана прызнавалі адным з найлепшых вясковых старастаў раёна. У тыктоку ён вядзе канал «Сельскі стараста». Сын Івана, Кірыл, ужо паўналетні і адслужыў у войску, цяпер вучыцца на айцішніка і нават стварыў сайт для крамы бацькі.
Невядома дакладна, калі Івана Юшкевіча затрымалі. Але ягоныя сацсеткі перасталі абнаўляцца ў маі 2025 года.
Прадпрымальніка асудзілі нядаўна па ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Прысуд невядомы, але ў сацсетках пасля суда ён так і не з'явіўся. Звычайна гэта значыць, што чалавек у калоніі.
Ягоны асноўны акаўнт у тэлеграме (ужо выдалены) быў прывязаны да ўласнага беларускага нумара і зусім неабаронены. Калі гаворка ідзе пра «справу Гаюна», то вылічыць Івана для сілавікоў было справай некалькіх секунд. На жаль, у такім выпадку Іван не мог зрабіць нічога, каб абараніць сябе, жывучы ў Беларусі.
Чытайце таксама:
Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот «Беларускага Гаюна»? І што можна зрабіць цяпер
Я выдаліў Telegram-акаўнт. Я ў бяспецы?
Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць