Ціханоўская: Мэта тыраніі — прымусіць вас блытаць праўду і хлусню
Падчас візіту ў ЗША Святлана Ціханоўская выступіла з лекцыяй «Сіла бяззбройных: супраціў тыраніі ў Беларусі» ў Чыкагскім універсітэце.
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Штогадовая лекцыя прысвечаная спадчыне Вацлава Гавела — летась яе даваў чэшкі прэзідэнт Петэр Павел.
У сваёй лекцыі беларуская лідарка ўзняла тэмы каштоўнасці дэмакратыі, пошуку праўды і надзеі, якая дапамагае выжываць у самых цяжкіх умовах, паведамляе яе прэс-служба.
Напрыканцы прамовы Ціханоўская звярнулася да ўдзельнікаў:
«Па-першае, беражыце тое, што маеце. Часта людзі, якія жывуць у дэмакратыі, успрымаюць яе як нешта само сабой зразумелае. Але ў такіх краінах, як Беларусь, мы ведаем яе сапраўдны кошт — бо ахвяруем усім дзеля яе.
Па-другое, не пераставайце шукаць праўду. Ніколі не пераставайце задаваць пытанні і вучыцца. Захоўвайце адкрытасць розуму. Мэта тыраніі — прымусіць вас блытаць праўду і хлусню.
Па-трэцяе, не губляйце надзеі. Магчыма, адной надзеі недастаткова, але менавіта яна трымае на плаву ў цяжкія моманты.
Па-чацвёртае, слухайце не толькі розум, але і сэрца. Эмпатыя, спагада і салідарнасць — гэта найвялікшая звышсіла.
Найбольшая пагроза дэмакратыі — не заўсёды гвалт. Часта гэта страх, сумневы, стомленасць, страта надзеі. І проста забыццё таго, хто мы ёсць і за што стаім.
Таму сёння, стоячы тут пад імем Гавела, я не аплакваю дэмакратыю. Я аднаўляю веру ў яе. Беларускі народ не здаўся. І свет таксама не павінен здавацца».
Чытайце таксама:
Святлана Ціханоўская сустрэлася з легендарным украінскім футбалістам Андрэем Шаўчэнкам