БЕЛ Ł РУС

У Малдове праходзяць парламенцкія выбары, вызначальныя для курса краіны

28.09.2025 / 11:2

Nashaniva.com

У нядзелю, 28 верасня, у Малдове стартавалі парламенцкія выбары, вынікі якіх могуць вызначыць, ці застанецца краіна на празаходнім курсе, ці паверне да Масквы. На фоне абвінавачанняў у расійскім умяшанні выбары набываюць асаблівую вагу, піша «Еўрапейская праўда».

Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду заходзіць у кабіну для галасавання падчас парламенцкіх выбараў, Кішынёў, 28 верасня 2025 года. Фота: AP Photo / Vadim Ghirda

28 верасня ў 7:00 выбарчыя ўчасткі адкрыліся на тэрыторыі Малдовы і будуць працаваць да 21:00.

Грамадзяне Малдовы будуць выбіраць 101 дэпутата на 4 гады. У выбарах удзельнічаюць 14 партый, 4 выбарчыя блокі і 4 незалежныя кандыдаты.

Прахадны бар’ер для партый складае 5%, для блокаў — 7%, для незалежных кандыдатаў — 2%.

На гэтых выбарах упершыню дзейнічае опцыя паштовага галасавання для грамадзян Малдовы ў 10 краінах. Усяго за мяжой — 301 участак у 41 краіне. Папярэднія выбары паказалі, што пераважная большасць дыяспары падтрымлівае празаходні курс краіны, таму галасы гэтых выбаршчыкаў надзвычай важныя для партыі ўлады «Дзеянне і салідарнасць».

Для грамадзян з Прыднястроўя, якія пераважна падтрымліваюць прарасійскія сілы, адкрыліся 12 участкаў на правабярэжжы Днястра. Месцазнаходжанне некалькіх такіх участкаў змянілі ў апошні момант, патлумачыўшы гэта меркаваннямі бяспекі.

Перад гэтым улада непрызнанага Прыднястроўя таксама абвінаваціла Кішынёў у «правакацыі» ў сувязі з рамонтам усіх сямі мастоў праз Днестр, што таксама можа перашкодзіць даезду выбаршчыкаў.

У сваю чаргу прэзідэнт Мая Санду і ўрад заяўляюць, што чакаюць маштабных спроб Расіі паўплываць на выбары з мэтай прывесці да ўлады «сяброўскія» сілы і сарваць еўраінтэграцыю Малдовы.

Агенцтва Bloomberg раней пісала пра расійскі план уплыву на выбары ў Малдове, BBC апублікавала расследаванне пра дэзінфармацыю ў Малдове перад выбарамі за грошы з Расіі, а Reuters — пра тое, як праваслаўных святароў з Малдовы сістэмна запрашалі ў шчодрыя паломніцкія турнэ ў Маскву і затым прапаноўвалі грошы ў абмен на прапаганду ў інтарэсах Крамля сярод сваіх прыхаджан.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула