БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Мы будзем наносіць удары ў адказ, каб прымусіць Расію да дыпламатыі

28.09.2025 / 11:15

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў сённяшнюю начную атаку на Украіну, якая стала адной з найбуйнейшых у гэтым годзе.

«Больш за 12 гадзін доўжылася масіраваная расійская атака на Украіну. Звярыныя ўдары, свядомы і мэтанакіраваны тэрор супраць звычайных гарадоў — амаль 500 ударных беспілотнікаў і больш за 40 ракет, у тым ліку «кінжалы». Раніцай зноў у нашым небе расійска-іранскія «шахеды», — напісаў Зяленскі.

Асноўнымі кірункамі атакі былі Кіеў і вобласць, Запарожжа, Сумшчына, Мікалаеўская, Чарнігаўская, Адэская, Хмяльніцкая вобласці.

У выніку абстрэлу ў сталіцы пашкоджаны будынак Інстытута кардыялогіі. Па стане на цяперашні час вядома пра чатырох загінулых у Кіеве, сярод якіх 12‑гадовая дзяўчынка. Агулам ва Украіне вядома пра прынамсі 40 параненых людзей, сярод якіх ёсць і дзеці, напісаў Зяленскі. 

Пад абстрэлам былі прадпрыемства па вытворчасці хлеба, завод аўтамабільнай гумы, прыватныя і шматкватэрныя дамы і аб'екты цывільнай інфраструктуры. 

«Гэтая подлая атака адбылася фактычна як завяршэнне тыдня Генасамблеі ААН, і менавіта так Расія заяўляе пра сваю рэальную пазіцыю. Масква хоча далей ваяваць і забіваць і заслугоўвае толькі на самы жорсткі ціск свету.

Крамлю выгадна працягваць гэтую вайну і тэрор, пакуль ёсць сродкі ад энергетыкі і дзейнічае ценявы флот. Мы будзем і надалей наносіць удары ў адказ, каб пазбаўляць Расію гэтых магчымасцяў зарабляць і прымусіць да дыпламатыі», — напісаў прэзідэнт Украіны.

Ён заклікаў краіны, якія хочуць міру, «падтрымаць намаганні Прэзідэнта Трампа і спыніць любы расійскі імпарт». «Час для рашучых дзеянняў даўно надышоў, і мы разлічваем на моцную рэакцыю ЗША, Еўропы, «сямёркі», «дваццаткі», — дадаў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула