БЕЛ Ł РУС

«Калісьці я кіраваў аддзелам пад 40 чалавек». Цімлід не знайшоў працу ў Польшчы і ўладкаваўся касірам

29.09.2025 / 9:6

Nashaniva.com

Былы геймдызайнер і прадзюсар дзеліцца гісторыяй безвыніковых пошукаў працы ў Варшаве.

Фота: Cybularny, CC0, commons.wikimedia.org

Валерый мае 15‑гадовы досвед працы ў ІТ на пазіцыі геймдызайнера. Да гэтага ён працаваў у продажах, займаўся зборкай ПК, ведае англійскую на ўзроўні С1 і базавую польскую. У сваю чаргу, у жонкі Валерыя ёсць двухгадовы досвед у падтрымцы, капірайтынгу і перакладзе тэкстаў (акрамя англійскай і польскай, яна ведае яшчэ кітайскую і фінскую мовы).

За тры месяцы муж і жонка так і не здолелі знайсці працу ў Польшчы па спецыяльнасці. Журналісты Devby.io папрасілі Валерыя расказаць пра тое, як яны апынуліся ў такой сітуацыі.

Рэлакацыя і скарачэнне

— Гісторыя складаная. Чым больш я думаю і збіраюся з думкамі, тым больш сітуацыя ўганяе ў дэпрэсію. У выніку я буду працаваць у «Жабцы» (Żabka — польская сетка невялікіх прадуктовых магазінаў фармату «каля дома»), а жонка ў клінінг уладкавалася. А калісьці я быў прадзюсарам і кіраваў аддзелам пад 40 чалавек.

Але па парадку. У 2021 я працаваў у кампаніі WannaPlay (беларускі распрацоўшчык і выдавец мабільных гульняў) прадзюсарам. У тым жа годзе я пераехаў у Польшчу.

Магчыма, вы чулі, што пасля пачатку вайны WannaPlay скараціў каля 200 чалавек, або амаль 90% штата. Гэта было звязана з тым, што ўсе інвестары сышлі з кампаніі. А кампанія моцна разбазарвала інвестыцыі, ну і грошы хутка скончыліся.

У выніку я патрапіў пад скарачэнне і кінуўся шукаць працу. Знайшоў за месяц: выбраў першае, што трапілася пад руку за плюс-мінус добрыя грошы, і ўкаціўся туды.

Тут дадам, што фінансавая падушка бяспекі ў нас была першапачаткова даволі магутная. Але заўважная яе частка сышла на пераезд з перавозам рэчаў і куплю неабходных прадметаў для жылля (мы знялі яго амаль пустым). Ну, і пакуль мы адаптаваліся да новага заробку і да новых цэн, наша «падушка» прахудзілася вельмі моцна.

«Хайп вакол NFT заціх, праект загнуўся. І пачаўся цырк»

Я ўладкаваўся на аддаленую працу ў кампанію з офісам у ААЭ, яны там крыптагульні рабілі. Плацілі стабільна. А я пасіўна шукаў альтэрнатыўную працу. Без асаблівага энтузіязму, бо рынак стаў падаць усё мацней. І ўсюды прапаноўвалі заробкі ніжэйшыя, чым быў у мяне ў гэтай эмірацкай студыі.

Тут дадам што жонка тады не працавала: фінансавае становішча дазваляла нам жыць толькі на мой заробак. Акрамя таго, якраз перад нашым ад’ездам з Беларусі ў яе памёр бацька. Зразумела, я не ціснуў на яе з пошукамі працы ў такі момант, тым больш, што для нас гэта было не крытычна.

Пакуль я працаваў у той эмірацкай студыі, Web 3‑гульні паспяхова памерлі, так і не раскруціўшыся. Хайп вакол NFT заціх, праект загнуўся. Сталі думаць, якую гульню рабіць далей, я запітчыў сваю ідэю. І пачаўся цырк!

Гульня была анімэшная, з сюжэтам. І СЕО студыі, відаць, як фанат-анімэшнік, стаў проста пякельна мікраменеджарыць. Лез проста ў самыя нетры, пастаянна пушыў свае ідэі (часта фатальныя) над ідэямі астатніх.

Там было ўсё, ад патрабаванняў перапісваць наратыў цэлымі раздзеламі да рашэння адключыць закупку трафіку ў самы прыбытковы для праекта сезон. Акрамя таго, СЕО забіў доўгатэрміновы рэтэншн, рэкламную манетызацыю і палову офераў (у гейміфікацыі так называюць прапановы, якія з дапамогай гульнявых механік падахвочваюць карыстальнікаў да здзяйснення пакупак ці іншых мэтавых дзеянняў).

У гэты перыяд я літаральна палову часу траціў на тое, каб спрачацца з ім па кожнай дробязі, і на бясконцыя сазвоны.

У дадатак у нас увогуле не было выходных у святочныя дні, не было бальнічных. Плюс адпачынак працягласцю ўсяго ў два тыдні і з захаваннем у гэты перыяд толькі 50% ад заробку.

Увогуле, працуючы там, я зусім сціх, выгарэў і страціў матывацыю шукаць нешта ў фонавым рэжыме. Хоць часам прыляталі нармальныя оферы. Праўда, заробак у іх прапаноўвалі ўсё ніжэй і ніжэй.

Калі да ўладальніка кампаніі дайшла інфа аб выхадках СЕО, было ўжо позна. Кампанія зжэрла тону грошай, а грошы ўладальнік даваў са сваёй кішэні. Мяне пасадзілі ўсё рэанімаваць, і ў прынцыпе я такі здолеў вывесці гульню на прымальную даходнасць. Але было позна: грошы скончыліся канчаткова. У выніку з кампаніі выгналі ўсіх, акрамя джунаў, каб яны хоць неяк рабілі гульню — і падтрымлівалі тое, што магло зарабляць.

«Гляджу на оферы, якія ў пачатку вясны мне прысылалі, і локці кусаю»

Пакуль разгортваліся гэтыя падзеі, мая жонка ўладкавалася ў саппорт амерыканскай амбасады і ўжо паўгода там працавала. І тут здарыўся разварот палітыкі ЗША, звязаны з абраннем Трампа. Ён даў адмашку згортваць увесь рускамоўны саппорт. Дадам тут, што жонка працавала не толькі з расіянамі, але і з украінцамі, беларусамі, рускамоўнымі грамадзянамі краін Балтыі. Але ў выніку ўсіх выгналі, а аддзел закрылі.

Храналагічна спярша летам звольнілі жонку, а потым мяне. Пакуль у нас заставалася хоць нейкая падушка, мы шукалі працу па профілі. Але калі ў нас не засталося амаль ні капейкі, мы сталі спрабаваць уладкавацца ўжо хоць кудысьці.

Вясной рэкруцёры яшчэ самі мне пісалі, але мне тады здавалася, што ў нас на праекце ўсё плюс-мінус нармальна. З лета я стаў пісаць ім сам, спачатку ляніва, потым усё больш актыўна. Але адказаў не было ўвогуле. У рэшце рэшт я пачаў масава рассылаць водгукі на вакансіі, і адказы нарэшце пайшлі. Праўда, усе як пад капірку: ваш досвед у апошнія тры-пяць гадоў не карэлюеццаз нашым профілем.

Толькі адна эйчар мне падрабязна распісала, што з-за крызісу на рынку цяпер стала настолькі шмат кандыдатаў, што можна знайсці нават 100%-ы мэтч на самую вузкую спецыялізацыю. Таму нешта іншае яны нават не разглядаюць. Яна ж расказала, што на кожную вакансію ёй ляціць у сярэднім па 60‑80 водгукаў у суткі.

Я глядзеў статыстыку на польскім сайце па пошуку геймдэў-вакансій skillshot.pl. Там на некаторыя вакансіі можа прыляцець да тысячы водгукаў! Так што я, у прынцыпе, разумею цяперашні выбар студый. Толькі мне ад гэтага не лягчэй.

Напрыклад мне, як ІП, трэба аплачваць узносы ў ZUS [польскі аналаг ФСАН]. А ён спецыфічна лічыцца: памер аплаты пераглядаюць усяго раз на год, і далей ты хоць тры разы страці працу, а плаціць павінен так, як палічылі.

Таму замарожваю ІП, каб яно грошы больш не жэрла. І так за два месяцы накапала 4400 злотых (1050 еўра) даўгоў па ім. І гэта яшчэ не лічачы падаткаў!

Чаму «Жабка»?

Вось так у выніку я стаў ганаровым касірам «Жабкі», а жонка клінерам. Цяпер гляджу на оферы, якія яшчэ ў пачатку вясны мне прысылалі, і локці кусаю. Ну ды што ж зрабіць.

На «Жабцы» давялося спыніцца, бо скончыліся фінансы. І перада мной устала пытанне: на што ўвогуле жыць?

«Жабка» — гэта такое месца, дзе цалкам дастаткова польскай на ўмоўным узроўні А2. Акрамя яе, я глядзеў, напрыклад, заводы. Але да іх ехаць па паўтары гадзіны, а «Жабка» знаходзіцца літаральна ў маім доме. Ну і сумоўяў на яе няма, як і на любую чарнавую працу. Прынамсі, я не бачыў.

Па грошах цяпер, вядома, проста пекла. «Жабка», зразумела, не вырашыла ўсіх праблем. У гэтым месяцы мы ўжо не можам толкам заплаціць за жыллё, дзякуй богу, хутка дамова найму заканчваецца, і будзем з’язджаць.

Нам цяпер дорага жыць у гэтай кватэры.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула