БЕЛ Ł РУС

У эканамічным плане сярэднестатыстычны беларус цяпер жыве лепш, чым 6 гадоў таму, а немец — не. Як такое магчыма?

12.10.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Што змянілася ў эканамічным плане ў параўнанні з дакавідным 2019‑м годам.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Інфляцыя ў Еўразоне

Паводле звестак Еўрастата, у параўнанні з жніўнем 2019 года цэны на харчаванне ў краінах еўразоны ў сярэднім выраслі на 34%.

Але рост цэн моцна адрозніваецца паміж краінамі. Краіны Балтыі — у лідарах антырэйтынгу. Найбольшы рост цэн на харчаванне ў Эстоніі — плюс 57% у параўнанні з летам 2019 года. У Літве — плюс 55%, у Латвіі — плюс 52%. Трэці радок з Латвіяй дзеліць Славакія, дзе цэны таксама выраслі на 52%. 

Найменшы рост цэн на ежу ў параўнанні з дакавідным перыядам адбыўся на Кіпры (+20%), Фінляндыі (+25%), Ірландыі (+26%). У найбуйнейшай эканоміцы еўразоны, Германіі, рост склаў 37%.

А што ў Беларусі?

У Беларусі цэны на харчаванне за перыяд з 1 студзеня 2020 года па жнівень 2025‑га выраслі на 66%. Калі браць увогуле індэкс спажывецкіх цэнаў, то ён за гэты перыяд вырас на 58,5%.

Калі параўноўваць са звесткамі ў краінах еўразоны, то вынікае, што Беларусь па росце цэн амаль удвая апярэдзіла сярэдні паказчык і нават антылідара Эстонію з яе 57%.

Аднак супастаўленне гэтых лічбаў без паглыблення не дае магчымасці адэкватна ацаніць, як змянілася пакупніцкая здольнасць у розных краінах у параўнанні з дакавіднымі часамі.

Зарплаты растуць

Па стане на жнівень 2019 года сярэдняя налічаная зарплата ў Беларусі складала 1 118 рублёў (брута), або прыблізна 961 рубель на рукі. Гэта каля 468 даляраў або каля 420 еўра.

Па стане на жнівень 2025 года сярэдняя налічаная зарплата вырасла да 2 763 рублёў, або прыблізна 2 376 рублёў на рукі. Гэта каля 795 даляраў або каля 680 еўра нета.

Перавод цэн у еўра не адлюстроўвае ўсю карціну: з улікам ваганняў курса беларускага рубля вынікае, што цэны ў еўра засталіся прыкладна такімі ж, як і шэсць гадоў таму.

Для найбольш аб’ектыўнай ацэнкі трэба ўлічваць рэальны рост даходаў насельніцтва. У перыяд з 2020 па 2024 год рэальныя заробкі ў Беларусі выраслі прыблізна на 30%.

Простымі словамі: цяпер сярэднестатыстычны беларус можа дазволіць сабе больш тавараў і паслуг, чым у дакавідным 2019-м.

А вось сярэднестатыстычны немец, наадварот, у жніўні 2019‑га мог дазволіць сабе больш, чым цяпер, паколькі ўзровень інфляцыі ў Германіі за гэты перыяд быў больш высокім за рост зарплат. У сярэднім рэальныя заробкі ў Германіі за апошнія 6 гадоў зменшыліся прыблізна на 5%.

Графік, які адлюстроўвае, як змяняліся рэальныя заробкі ў Германіі за апошнія 10 год. Скрыншот: tradingeconomics.com

Прыклад Германіі паказвае, што ўзровень інфляцыі не адзіны паказчык для разумення таго, сталі людзі жыць лепш або горш. У выпадку з Літвой, якая па ўзроўні інфляцыі абагнала Германію, рэальныя заробкі там выраслі. То бок сярэднестатыстычны літовец цяпер можа сабе дазволіць болей, чым у жніўні 2019-га. Сярэдняя зарплата ў абсалютным вымярэнні павялічылася з 834 да 1468 еўра на рукі.

Як так атрымалася?

Эксперт BEROC Настасся Лузгіна называе асноўныя чыннікі, як так атрымалася, што ў некаторых краінах Еўрасаюза рэальныя даходы насельніцтва ў параўнанні з дакавідным перыядам знізіліся, а ў Беларусі, наадварот, даволі істотна выраслі.

«Па-першае, у краінах еўразоны дзейнічалі жорсткія кавідныя абмежаванні. Пры гэтым дзяржавы там аказвалі падтрымку эканоміцы за кошт бюджэтых выдаткаў, якія пасля паскорылі інфляцыю.

Там дзяржавы клапаціліся пра здароўе сваіх грамадзян, а ў Беларусі кавід намагаліся асабліва не заўважаць, таму пандэмія не аказала такога моцнага негатыўнага ўплыву на эканоміку Беларусі, як гэта было ў іншых краінах», — звяртае ўвагу эканаміст.

Услед за пандэміяй пачалася вайна, і многія краіны ЕС, у тым ліку Германія, сутыкнуліся з новым выклікам — ростам цэн на энерганосьбіты.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Dmitry Lovetsky/AP

Рост заробкаў адбываецца ў спецыфічных умовах

«Атрымліваецца, што ў Еўропе за гэты перыяд двойчы адбываліся падзеі, якія спрыялі высокаму ўзроўню інфляцыі. У Беларусі таксама адбылося жорсткае зніжэнне ў эканоміцы ў 2022 годзе, пасля чаго эканоміка даволі хутка перабудавалася і пачалося актыўнае аднаўленне за кошт пераарыентацыі на расійскі рынак», — кажа Лузгіна.

Пры гэтым важна разумець, што гэты рост даходаў адбываецца ў спецыфічных умовах.

«З улікам інфляцыйных працэсаў заробкі ў Беларусі сапраўды выраслі, але гэта адбывалася на фоне жорсткага рэгулявання цэнаў, дэфіцыту працоўнай сілы і стымулявання росту эканомікі з боку дзяржавы».

Наколькі такі рост можна называць устойлівым і як доўга гэта можа працягвацца — пытанне, бо заробкі растуць хутчэй, чым прадукцыйнасць працы, а цэны строга рэгулююцца.

«Праз дэфіцыт працоўнай сілы зарплаты растуць, а падымаць цэны на прадукцыю яшчэ да вясны гэтага года было амаль немагчыма. Таму ў прадпрыемстваў узнікалі праблемы з рэнтабельнасцю. Праз гэта цэны з вясны 2025 года пачалі рэгуляваць больш гнутка, і мы бачым, што рост цэн сёлета паскорыўся ў параўнанні з мінулым годам».

Рост ВУП таксама сур’ёзна запаволіўся ў параўнанні з папярэднімі гадамі, а ЕАБР днямі нават пераглядзеў прагноз па росце ВУП Беларусі ў меншы бок. Усё гэта паказвае на тое, што цяперашняя мадэль, пры якой рэальныя заробкі сапраўды хутка раслі, вычэрпвае свае магчымасці, таму варта чакаць запавольвання росту рэальных даходаў.

«Напрыклад, у Еўропе сапраўды быў скачок інфляцыі, але пасля праходжання крызісных з’яў яны выйшлі на стабільную работу эканомікі. У тым ліку на нізкія паказчыкі па інфляцыі. Паралельна ідзе ўмераны эканамічны рост і рост зарплат. Гэта можна назваць устойлівым ростам. У эканоміцы Беларусі неаднаразова назіраліся скачкі, калі мы то маем спад, то актыўны пад'ём, потым зноў спад і актыўны пад'ём. Гэта паказвае, што эканоміка развіваецца няўстойліва», — тлумачыць эканаміст.

Пры гэтым эксперт не адмаўляе, што цяпер сапраўды такі перыяд, калі ўзровень дабрабыту сярэднестатыстычнага немца пагоршыўся, а беларуса — наадварот стаў лепшым.

«Гэта не азначае, што цяпер сярэднестатыстычны беларус жыве лепш, чым сярэднестатыстычны немец, паколькі зарплаты ў Германіі значна вышэйшыя за беларускія, але розніца ва ўзроўні дабрабыту крыху скарацілася. Беларусы цяпер могуць дазволіць сабе больш, чым шэсць гадоў таму, а немцы, наадварот, менш, чым раней».

У параўнанні з жніўнем 2019 года вырасла і даступнасць жылля. Калі на сярэднестатыстычную мінскую зарплату ў сталіцы можна было набыць 0,48 м², то ў жніўні 2025 года — 0,54 м².

Атрымліваецца, што менавіта ў эканамічным плане сярэднестатыстычны беларус цяпер жыве лепш. Аднак узнікаюць пытанні, як доўга працягнецца гэтая сітуацыя. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула