Унучка Трампа прадае світшоты са сваімі ініцыяламі па $130
Кай Трамп, унучка Дональда Трампа, запусціла ўласную лінію адзення, выкарыстоўваючы для рэкламы рэзідэнцыю прэзідэнта ЗША.
Кай Трамп у сваім світшоце на лужку каля Белага Дома. Фота: kaitrumpgolfer / Instagram
На мінулым тыдні 18‑гадовая ўнучка прэзідэнта ЗША Кай Трамп запусціла вэб-сайт па продажы баваўняных світшотаў з манаграмай яе ініцыялаў. Кошт адзінкі — 130 даляраў, паведамляе The Wall Street Journal.
Для прасоўвання брэнда яна апублікавала ў Instagram відэа, дзе пазіруе ў чорным, белым і цёмна-сінім світшотах на тэрыторыі Белага дома.
У той жа дзень дзяўчына разам са сваім дзедам Дональдам Трампам вылецела на борце прэзідэнцкага самалёта Air Force One на прэстыжны турнір па гольфе Ryder Cup. Там яна з'явілася ў белым світшоце са сваімі ініцыяламі.
Праз некалькі дзён Кай падзялілася з падпісчыкамі відэа, на якім гуляе ў гольф на Паўднёвым лужку Белага дома, зноў жа, у вопратцы ўласнага брэнда.
«Мала хто мае такую магчымасць, таму мне вельмі пашанцавала», — пракаментавала яна.
Сямейная традыцыя
Як адзначае WSJ, гэты выпадак — далёка не першы, калі сям'я Трампаў сумяшчае палітыку і бізнэс, што выклікае пытанні аб канфлікце інтарэсаў.
Так Іванка Трамп, дачка прэзідэнта і яго дарадца на грамадскіх пачатках падчас першага тэрміну, працягвала атрымліваць прыбытак ад сваёй лініі адзення, якую рэгулярна дэманстравала падчас афіцыйных мерапрыемстваў у Белым доме.
Яе муж, Джарэд Кушнер, былы дарадца Трампа, цяпер кіруе прыватным інвестыцыйным фондам, які атрымаў значныя ўкладанні ад лідараў Саудаўскай Аравіі, ААЭ і Катара — краін, з якімі ён працаваў як дыпламат.
Сыны прэзідэнта, Дональд-малодшы і Эрык, зарабілі мільярды, калі іх кампанія ў верасні запусціла на адкрыты рынак новую крыптавалюту, у той час як адміністрацыя Трампа працуе над змякчэннем рэгулявання гэтай галіны.
Кай Трамп, дачка Дональда Трампа-малодшага, не займае дзяржаўнай пасады, таму на яе не распаўсюджваюцца федэральныя этычныя нормы. Аднак яе бізнэс-ініцыятыва з'яўляецца свежым прыкладам таго, як клан Трампаў выкарыстоўвае свой высокі статус для прасоўвання камерцыйных інтарэсаў.
Рэакцыя грамадства
Прадстаўніца Белага дома ў каментары для WSJ заявіла, што «няма ніякай забароны на фатаграфаванне на тэрыторыі Белага дома, і ўрад не падтрымлівае яе прадукт, таму тут няма ніякіх праблем». Ва Упраўленні ўрадавай этыкі ЗША адзначылі, што іх правілы датычацца толькі дзяржаўных служачых, а не прыватных асоб.
Сама Кай Трамп — не толькі ўнучка прэзідэнта, але і паспяховая медыйная персона. Яна мае 3,4 мільёна падпісчыкаў у TikTok і 2,2 мільёна ў Instagram, дзе рэгулярна публікуе сэлфі з дзедам. Дзяўчына ўжо мае некалькі рэкламных кантрактаў, у тым ліку з гольф-брэндам TaylorMade Golf і вытворцам энергетычных напояў Accelerator Active Energy.
Рэакцыя ў сацыяльных сетках на яе бізнэс-пачынанне была неадназначнай. Адны каментатары хвалілі яе за «прадпрымальніцкую жылку, як і ва ўсёй сям'і». Іншыя абураліся: «130 даляраў за світшот з ініцыяламі 18‑гадовай дзяўчыны — гэта дзіка». Некаторыя нават заўважылі, што яе лагатып падазрона падобны да лагатыпа з калабарацыі брэнда American Eagle і зоркі амерыканскага футбола Трэвіса Келсі.
Чытайце таксама:
Майткі з дзяржаўным гербам? Што звязанае з Беларуссю прадаюць у сусветных інтэрнэт-крамах