БЕЛ Ł РУС

Чатырохгадовая беларуска са спісу Forbes «30 да 30» зрабіла агляд беларускіх страў і ў чарговы раз скарыла інстаграм

2.10.2025 / 20:35

Nashaniva.com

Менш чым за суткі відэа, у якім юная лэдзі Ева Карпікаў каштуе стравы беларускай кухні і каментуе іх, набрала 1,2 мільёна праглядаў. Глядзіце асцярожна: узровень мілаты ў роліку блізкі да крытычнага.

Ева Карпікаў. Скрыншот відэа ў тыктоку

Еве Карпікаў не споўнілася яшчэ нават і пяці гадоў. Але гэта не перашкодзіла дзяўчынцы сёлета трапіць у спіс Forbes самых перспектыўных блогераў. На яе блог у інстаграме, які вядзе мама, падпісана ўжо 1,2 мільёна чалавек. У тыктоку падпісчыкаў яшчэ больш — 2,1 мільёна.

Мама Евы з расійскага Уралу, бацька — з беларускага Іўя. Але пазнаёміліся маладыя людзі ў Дубаі: бацька Астах жыў там з 17 гадоў, а мама Анастасія прыляцела туды працаваць у музычнай школе настаўніцай. Калі каханай трэба было вярнуцца на радзіму, Астах паляцеў за ёй — два гады маладая сям’я жыла ў Екацярынбургу. Але як толькі беларус атрымаў прапанову зноў працаваць у Дубаі, муж з жонкай з радасцю вярнуліся туды.

Пра тое, што дачку заўважыў Forbes, бацькі даведаліся са СМІ. Але ж праз гэта сям’я сутыкнулася і з хэйтам: шмат хто паспеў дадумаць прыбыткі ў мільёны даляраў. Анастасія ж кажа, што яны самая звычайная сям’я без пантоў і віл — і нават машына ў іх у крэдыт. А траплянне ў спіс Forbes сведчыць толькі пра тое, што яны ствараюць цікавы кантэнт.

Шчырасць і непасрэднасць Евы заваёўвае сэрцы. Не прайшло і сутак, а новае відэа, у якім юная лэдзі частуецца стравамі беларускай кухні і каментуе іх, набрала больш за 1,2 мільёна праглядаў.

Адразу ёй прапанавалі дранікі — іх маленькая блогерка ела з апетытам.

— Першая страва проста шыкоўная! Можа, тут бульба такая смачная? Гэта я на мульцік пакіну, са смятанкай.

А вось халаднік энтузіязму не выклікаў. Ева зморшчылася, але лыжачку з’есці пагадзілася. Адзнаку дала тактоўную: «Не маё гэта».

@karpikaufamily

Ева пробует белорусскую кухню

♬ оригинальный звук - KarpikauFamily

Бярозавы сок быў рэабілітаваны:

— Я ж раней піла і мне не спадабалася. Можа, іншая бяроза?

Клёцкі атрымалі шчыры камплімент: «Ажно за вушамі трашчыць». А вось з калдунамі дзяўчынка не змагла вызначыцца — падабаюцца яны ёй ці не, але настойліва сказала тату: «Вынось!».

Калі Ева піла Лідскі квас, у яе быў такі выраз твару, што стала адразу зразумела: наўрад ці яна сама калі папросіць у бацькоў набыць гэты напой.

Затое бабка сапраўды скарыла фудблогерку:

— Ммм, вось гэта смачненька. Яшчэ раз укушу! Нават слоў няма.

Паляндвіцу Ева таксама адобрыла, а пальцам піханая каўбаса выклікалі пытанні:

— Чым піханая? Якім пальцам? Тваім? Божа мой.

У выніку крытыкеса прызнала, што вельмі смачна.

Беларусы ў каментарыях пішуць дзяўчынцы словы захаплення і замілоўваюцца.

У сторыс мама паказала кадры, які не ўвайшлі ў фінальнае відэа. Там Ева дзякуе тату на беларускай. «Урокі бабулі па беларускай мове не прайшлі дарма», — напісала маці.

Чытайце таксама:

Чым кормяць у рэстаране нетрадыцыйнай беларускай кухні?

«Людзі хочуць класічнае. Навошта прыдумваць іншае?» Беларуска ў Варшаве пячэ торты і пірожныя са смакам, як у дзяцінстве

Хлопец з Гомеля адкрыў беларускі рэстаран на Балі

Футбольныя легіянеры з Афрыкі расказалі, як ім заходзяць стравы беларускай кухні

Каментары да артыкула