Зяленскі: Пасля маёй сустрэчы з Трампам у нас можа з'явіцца нешта большае
Украіна запускае па Расіі 100‑150 дронаў у дзень, але пасля сустрэчы прэзідэнта Украіны з Трампам яна, магчыма, будзе мець большыя магчымасці, заявіў Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з журналістамі па выніках саміту ў Капенгагене. Ён праводзіў прэс-канферэнцыю сумесна з прэм'ер-міністаркай Даніі Метэ Фрэдэрыксэн.
Уладзімір Зяленскі. Фота: Ebrahim Noroozi / AP
«Крыху больш за год таму ў нас не было магчымасцяў для адказу. Калі вы памятаеце, Расія здзяйсняла блэкаўты ва Украіне і іншыя жудасныя рэчы. Цяпер у нас ёсць магчымасць адказаць. І яны адчуваюць нашы моцныя адказы», — сказаў Зяленскі.
«Яны выкарыстоўваюць штодня па 500‑600 дронаў, а мы — 100-150. Гэта пытанне фінансаў. Я размаўляў з партнёрамі. Павялічыўшы фінансаванне, мы павялічым магчымасці і будзем супастаўныя з дальнабойнымі дронамі. І ў Расіі будзе больш пытанняў ад свайго грамадства да сваіх лідараў. Гэта важна», — адзначыў прэзідэнт Украіны.
«Дагэтуль мы выкарыстоўвалі толькі нашу дальнабойную зброю для ўдараў па Расійскай Федэрацыі. Але пасля маёй сустрэчы з Трампам, магчыма, у нас з'явіцца нешта большае. Я не ведаю, пабачым», — падкрэсліў ён.
Зяленскі таксама адзначыў, што Украіна б'е па інфраструктурных аб'ектах Расіі не проста так, а адказвае ўдарамі пасля атак на сваю тэрыторыю.
Ён заклікаў узмацніць ціск на Расію і хутка прыняць 19‑ы пакет санкцый Еўрасаюза. У фокусе ўвагі мусіць аказацца расійскі танкерны флот.
Таксама Уладзімір Зяленскі падтрымаў ідэю сумеснай еўрапейскай абароны ад дронаў і заявіў пра гатоўнасць украінскіх вайскоўцаў з досведам працы з дронамі дзяліцца ведамі.
Чытайце таксама:
Ціханоўская пагутарыла з Зяленскім на саміце ў Капенгагене
Генштаб УСУ прыгразіў Пуціну блэкаутам у Маскве ў выпадку працягвання ўдараў па энергетыцы Украіны
Расійскія ракеты навучыліся абыходзіць Patriot: абарона Кіева слабее