«У цэлым водгукі станоўчыя». У Мінгарвыканкаме расказалі пра вынікі забароны смартфонаў у школах
«Калі быць шчырым, то гэта неабходнасць выклікана шматлікімі зваротамі ў першую чаргу бацькоў і педагогаў, — заявіў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі.
Навошта ў школах увялі забарону на выкарыстанне мабільных тэлефонаў, расказаў на «Радыё-Мінск» намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі, пішуць Мінск-навіны.
— Да абмежавання выкарыстання мабільных прылад у школах ішлі даўно. Калі быць шчырым, то гэта неабходнасць выклікана шматлікімі зваротамі ў першую чаргу бацькоў і педагогаў,— звярнуў увагу А. Стрыгельскі.
— Мы ўбачылі негатыўны ўплыў мабільных прылад на якасць адукацыі. У дзяцей адцягвалася ўвага, яна выкарыстоўвалі тэлефоны для забаў. Настаўніку даводзілася траціць час на тое, каб гэта абмежаваць на ўроку. Недзе гаджэты з доступам у інтэрнэт выкарыстоўваліся як шпаргалкі, магчымасць спісаць. З гэтай сітуацыяй мірыцца было нельга.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама дадаў, што прыйшло разуменне — з цягам часу можа сур’ёзна пагоршыцца якасць адукацыі.
— У дзяцей пагаршаецца здароўе: у мабільных прылад моцны ўплыў на органы зроку. Было прынята рашэнне аб іх абмежаванні. Прайшло ўжо больш за месяц, як у школах была ўведзена забарона на выкарыстанне смартфонаў.
Маніторынг, які праводзіць камітэт па адукацыі, паказвае: у цэлым бацькі, вучні і педагогі пра навацыю адклікаюцца станоўча.
Суразмоўца таксама адзначыў, што ёсць асобныя незадаволеныя сярод дарослых, але мамам і татам трэба зразумець, што якасць адукацыі наўпрост залежыць ад намаганняў, якія прыкладае не толькі настаўнік, але і дзіця.
— Калі ёсць адцягваючы фактар у выглядзе мабільнай прылады, казаць пра добрае засваенне матэрыялу вельмі складана. На мой погляд, прынята абсалютна правільнае рашэнне, — падсумаваў А. Стрыгельскі.