«У турме я любіў выносіць смецце». Гісторыя Мандэлы, які разумеў, што немагчыма заманіць ворага ў засаду, калі не ведаеш, як мысляць яго генералы
Часам усмешкай можна зрабіць больш, чым жэстачайша. Нэльсан Мандэла гэта даказаў. Хоць яго выпрабаванні былі не меншымі, чым тое, праз што праходзяць беларусы.
Часам усмешкай можна зрабіць больш, чым строгасцю і сілай, сказаў пра Мандэлу генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун. Фота: Flickr, South African Tourism
Нэльсан Мандэла нарадзіўся 18 ліпеня 1918 года ў невялікай вёсцы ў сям'і, якая прыналежала да арыстакратыі народа коса (і для яго палітычнага капіталу такое паходжанне было вялікім плюсам). Прадзед Нэльсана быў каралём племені тэмбу.
«Мы — нашчадкі чацвёртага дома, — расказваў Нэльсан. — Наша роля — улагоджваць спрэчкі і быць дарадцамі караля. Да гэтай ролі мяне і рыхтавалі». Але жыццё прынца было цалкам зямным — як і аднагодкі, ён пачынаў з работы пастушком.
Вёска Куну, у якой вырас будучы прэзідэнт, жыве сваім жыццём. Яна не моцна змянілася з таго часу. Хіба што цяпер у ёй ёсць музей Мандэлы. Flickr, South African Tourism
У бацькі Мандэлы было чатыры жонкі, якія нарадзілі яму трынаццаць дзяцей (чатырох сыноў і дзевяць дачок). Будучы прэзідэнт ПАР нарадзіўся ад яго трэцяй жонкі па імені Нангапі Насекені.
Першае імя Мандэлы было Холіхлала (другі «х» вымаўляецца хутчэй як англійскае «th», з языком паміж зубамі), на мове коса значыць «гарэза» (літаральна: «той, хто зрывае галінкі з дрэў»).
Яго бацькі былі непісьменнымі, але маці, будучы набожнай хрысціянкай, адправіла сына ў мясцовую метадысцкую школу.Там Мандэла, як і ўсе астатнія навучэнцы, атрымаў еўрапейскае імя — Нэльсан.
Пасля, калі хлопец дасягнуў паўналецця і прайшоў спецыяльны абрад ініцыяцыі, ён атрымаў другое імя — Далібхунга, «той, хто пачынае размову». Прарочае.
Паўналецце ў народа коса наступае пасля рытуалу «Узыходжанне ў горы», цягнецца ён каля месяца. Гэта працэдура абразання, якую суправаджаюць шматлікія абрады і атрыманне новага імені. Працэдура існуе і сёння. На фота хлопцы вяртаюцца з купання: яны спалілі сваю адзежу, што сімвалізуе развітанне з дзяцінствам, абмыліся — і атрымалі спецыяльныя абрадавыя коўдры. Цяпер яны мужчыны. Фота: Wikimedia Commons, Dingeman
Таты не стала, калі Нэльсану было 9: «Бацька праводзіў з кожнай са сваіх жонак па тыдні па чарзе: чатыры жонкі — чатыры тыдні. А ў той дзень прыйшоў да маці па-за «раскладам». Ён быў у жахлівым стане і ўсё кашляў, кашляў, кашляў… Закурыўшы, тата супакоіўся. Так і памёр — з запаленай люлькай у руках». Пах тытуню ў паветры заўжды вяртаў Нэльсана ў тыя ўспаміны.
Маці памерла, калі Нэльсан ужо сядзеў у турме. «Яе пахаваннем павінен быў займацца я — адзіны сын і старэйшае дзіця. Але, вядома, мне не дазволілі. Тады я ўпершыню ўсумніўся ў правільнасці абранага шляху».
Фота: Flickr, South African Tourism
У 1939 годзе Нэльсан быў залічаны ў адзіны на той час універсітэт краіны, у якім мелі права навучацца цемнаскурыя жыхары і метысы) — Форт-Хэйр. Там хлопец вывучаў антрапалогію, права, палітыку, менеджмент і марыў працаваць у Дэпартаменце па справах карэнных народаў.
Давучыцца не давялося. У 1941 годзе, будучы абраным у Студэнцкую прадстаўнічую раду, Мандэла ўзяў удзел у студэнцкім пратэсце, скіраваным супраць абмежавання паўнамоцтваў студэнцкага самакіравання, а таксама бытывых умоваў. Пасля адмовы прыняць ультыматум адміністрацыі, Мандэлу выключылі з універсітэта.
Вярнуўшыся дамоў, хлопец даведаўся, што яго збіраюцца ажаніць — прычым не з той, што яму падабалася. Тады разам са стрыечным братам яны скралі некалькі кароў, прадалі і на выручку дабраліся да Іаганесбурга. Нэльсан працаваў ахоўнікам на золатаздабычы, потым клеркам у юрыдычнай фірме.
Падчас працы ў фірме хлопцу ўдалося атрымаць завочна ў 1942 годзе ступень бакалаўра гуманітарных навук у Паўднёва-Афрыканскім універсітэце, пасля з 1943 па 1949 год вывучаў права ва ўніверсітэце Вітватэрсранда. Мандэла быў захопленым, але не старанным студэнтам: праз партыйную актыўнасць ён тры гады правальваў выпускныя іспыты. Скончыць універсітэт удалося завочна, ужо ў турме. Паўднёваафрыканскі рэжым быў тады далёка не такі людаедскі, як цяперашняя беларуская дыктатура. Палітвязні ў Беларусі не могуць і марыць пра атрыманне вышэйшай адукацыі.
ННа гэтым здымку Нэльсану 19 гадоў. Фота: Wikimedia Commons
Amandla!
У 1944 годзе Мандэла далучыўся да Афрыканскага нацыянальнага кангрэса (АНК) і стаў членам заснаванай разам з аднадумцамі Моладзевай лігі пры ім.
У 1948 годзе на выбарах (у якіх удзельнічалі толькі белыя) перамагла Нацыянальная партыя, для якой апартэід (з афрыкаанс гэта слова перакладаецца як «раздзельнае пражыванне», «падзел») быў дзяржаўнай ідэалогіяй.
У 1949 годзе, стаўшы членам Нацыянальнага выканаўчага камітэта АНК, Мандэла і яго саюзнікі па партыі пачалі выступаць за акцыі прамога дзеяння супраць апартэіду, такія, як байкоты і забастоўкі. Пазней Мандэла адзначаў, што ён і яго калегі «перавялі АНК на больш радыкальны і рэвалюцыйны шлях».
Праявы апартэіду: лаўка толькі для белых і перон, падзелены па расавай прыкмеце. Фота: Wikimedia Commons
34‑гадовы Мандэла, супрацоўнік першай у ПАР адвакацкай канторы для чарнаскурых, імгненна стаў папулярны, калі звярнуўся з прамовай да 10‑тысячнага мітынгу супраць апартэіду. Ён заклікаў да байкотаў і іншых законных формаў негвалтоўнага супраціву. Ішоў 1952 год.
Уздымаючы ўверх сціснуты кулак, ён пракрычаў «Amandla!» («Сіла!»), а народ адказаў «Ngawethu!» («Яна — наша!»). Гэты вокліч папулярны і сёння. Пасля таго мітынгу Мандэлу ўпершыню пасадзілі ў турму.
«Высокае дрэва вецер гне мацней» — адна з прымавак народа коса. Гэта значыць — моцным, вялікім людзям дастаюцца большыя выпрабаванні.
Наступныя гады вецер змагаецца з баабабам-Мандэлам. Улады пагражаюць увесці ваеннае становішча, вінавацяць яго ў камунізме, забараняюць адначасова размаўляць больш як з адным чалавекам, наведваць сходы. Скасоўваюць арэнду для яго адвакацкага бюро.
«Народ коса прывык цярпець, — заўважае ў сваёй кнізе ўнук Мандэлы. — Мы гаворым пра гэта, нават калі вітаем адно аднаго:
— Што чуваць? — пытанне.
— Ndi nya mezela, — у адказ. Што азначае «трымаюся».
Нэльсана то садзяць, то выпускаюць, але час на волі ён праводзіць з карысцю: натхнёны ідэямі Махатмы Гандзі, заклікае паказальна парушаць несправядлівыя законы і садзіцца ў турму. На першы заклік адгукнулася 8500 чалавек.
Партыя Мандэлы Афрыканскі нацыянальны кангрэс у гэты час часта абвяшчае байкоты — і не без плёну! Напрыклад, у 1959 годзе стала вядома пра жудасныя ўмовы працы на бульбяных фермах. «Есці такую бульбу — усё роўна што чалавечую плоць», — пісалі лістоўкі. На некалькі месяцаў людзі адмовіліся купляць бульбу. Эфект быў такі, што дзяржава мусіла правесці праверкі і даць гарантыі рабочым. АНК выпусціў лістоўкі: «Гэта перамога нашых людзей і папярэджанне для фермераў».
Акцыі 1950‑х паспрыялі таму, што афрыканцы выраслі як нацыя. Цяпер яны сталі ствараць пазітыўную праграму дзеянняў: дамагаліся роўнасці ў правах на зямлю, адукацыю і прамога прадстаўніцтва ў парламенце.
Калі Мандэлу затрымалі ў 1963-м, ён вызваўся абараняць сябе сам і ператварыў суд у перформанс. На пасяджэнне ён прыехаў у традыцыйным адзенні свайго народа, у той час гэта быў выклік. Фота: Reddit, U / Needs_More_Username
У 1960‑м Нэльсан Мандэла ініцыяваў кампанію па спаленні пропускаў. Насіць іх абавязаныя былі ўсе чарнаскурыя. У пропуску чарнаскурага жыхара ПАР пазначалася імя, племянная прыналежнасць, дазвол на перамяшчэнне, працу і знаходжанне ў пэўным рэгіёне, інфармацыя пра судзімасць і падаткі, а таксама даведка з працы, якая мусіла засведчвацца штомесяц. Паліцэйскія маглі спыніць любога, запатрабаваць пропуск і пры адсутнасці яго арыштаваць ды вывезці ў рэзервацыю, да якой чалавек прымацаваны. Штогод так мучылі каля паўмільёна людзей.
42‑гадовы Мандэла паказальна паліць свой пропуск — сімвал несправядлівасці ў дачыненні да чарнаскурых ПАР. Фота: Wikimedia Commons
Белым, канечне, можна было бываць дзе хочацца і без аніякага пропуска.
Ва ўсёй краіне людзі сталі пратэставаць. У пасёлку Шарпевіль больш за 5000 чалавек прыйшлі да паліцэйскага ўчастка і прапанавалі арыштаваць іх за адсутнасць пропускаў.
Дэманстрацыю расстралялі, загінулі 69 чалавек, з іх 10 дзяцей і 8 жанчын.
Свет быў шакаваны. Рада Бяспекі ААН прыняла рэзалюцыю. А ўрад ПАР, баючыся паўстання, забараніў апазіцыйныя партыі, арыштаваў 156 чалавек за «дзяржаўную здраду» і прыняў закон, які вызваляў дзяржслужачых ад адказнасці за дзеянні ў час бунту.
Мандэла сышоў у падполле і пачаў рыхтаваць партызанскую вайну.
Ці быў Мандэла тэрарыстам
Бесперапынны гвалт з боку ўладаў не пакідае нам выбару, казаў Нэльсан. У 1960‑м ён стварыў вайсковую арганізацыю «Дзіда нацыі» — «Умкхонта ве сізве».
«Мы спадзяёмся ацверазіць урад і яго прыхільнікаў, пакуль не стала запозна і справа не дайшла да адчайнай грамадзянскай вайны».
«Дзіда» пачала праводзіць акцыі сабатажу: нападаць уначы на аб’екты дзяржаўнай інфраструктуры, напрыклад, пункты выдачы пропускаў, падрываць электрасеткі, тэлефонныя лініі. «Мы хацелі паказаць, што ёсць адданыя справе людзі, якія будуць біцца галавой аб сцяну, пакуль тая не трэсне».
Важна было дзейнічаць без ахвяр, і Мандэла ганарыўся, што падчас яго аперацый ніхто не загінуў.
Ферма Лілісліф — у перакладзе «Ліст Лілеі». Гэтую «канспіратыўную ферму» выкупілі белыя барацьбіты з апартэідам. Усе чарнаскурыя работнікі на ёй насамрэч былі паўстанцамі. Мандэла ў часы падполля «рабіў» на ёй садоўнікам. Некалькі разоў на спатканне да яго прыязджала жонка Віні з маленькімі дочкамі. Тым часам першая жонка Эвелін з дзецьмі жыла пад іншым прозвішчам і не хацела ўспамінаць былога мужа. Фота: Wikimedia Commons
Частка партызан размяшчалася ў суседніх краінах уздоўж дзяржаўнай мяжы і дзейнічала набегамі. Частка — у падполлі. Мандэла пад іменем Дэвід прыкідваўся то садоўнікам, то кіроўцам (што дазваляла яму ездзіць па краіне). У народзе ён атрымаў мянушку Чорны Першацвет.
«Я часта чую, як барацьбітоў за свабоду называюць тэрарыстамі, — гаварыў Мандэла ў старасці. — Учора і мяне называлі тэрарыстам, а калі я выйшаў з турмы, тыя ж людзі прызналі мяне палітыкам. Вось што я скажу: хто і каго вінаваціць у тэрарызме, залежыць ад таго, чый бок перамагае».
Цікава, што Мандэла аж да 2008 года быў у амерыканскім спісе асоб, звязаных з ажыццяўленнем тэрарыстычнай дзейнасці. І гэта нават у час шматразовых сяброўскіх візітаў у ЗША да абодвух Джорджаў Бушаў і Біла Клінтана!
«За гэта я гатовы памерці»
У 1963‑м падпольшчыка Мандэлу арыштавалі. Месца яго знаходжання выкрыла ЦРУ, якое баялася яго сувязяў з камуністамі. Пачаўся млявы суд: доказаў датычнасці да сабатажу не было, і пакуль што Мандэлу маглі прад’явіць толькі незаконны выезд з краіны. Нэльсан зладзіў перформанс. Надзеўшы шкуру леапарда і іншыя атрыбуты свайго народа, ён абвясціў, што будзе абараняць сябе сам. «Чаму мяне, чорнага, судзяць белыя? Нешта тут не так»… Вырак — пяць гадоў турмы.
Ён ужо сядзеў, калі паліцыя накрыла ферму Лілісліф, схапіла кіраўніцтва «Дзіды» і захапіла дакументы. Мандэлу выставілі новае абвінавачанне.
У турме на востраве Робен за 14 км ад горада Кейптаўн з 1964 па 1982 год сядзеў будучы прэзідэнт ПАР. Сёння гэта помнік ЮНЕСКА. Турыстам паказваюць акенцы камер (злева) і кволы садочак, які Мандэла разбіў абапал валейбольнай пляцоўкі. Садоўніцтва ён палюбіў на ўсё жыццё. Фота: Wikimedia Commons
На судзе 1964 года Мандэла зрабіў трохгадзінную прамову, якая на ўвесь свет засведчыла яго палітычны патэнцыял. Ён казаў, што ён не прыхільнік гвалту і што сітуацыя не пакідала іншых варыянтаў адстаяць свае правы. Ён абверг заявы прапаганды аб тым, што пратэст быў інспіраваны з-за мяжы. Усё, што нам трэба, — права голасу, казаў ён. Да першых усеагульных выбараў заставалася 30 гадоў.
Нэльсан скончыў словамі, якія потым выб'юць на сцяне Палаца правасуддзя: «Я змагаўся як супраць панавання белых, так і супраць панавання чорных. Я шанаваў ідэал дэмакратычнага і свабоднага грамадства. Гэта той ідэал, дзеля якога я спадзяюся жыць, — 45‑гадовы Мандэла паглядзеў у вочы суддзі і сказаў тое, што адвакаты ўгаворвалі выкрасліць: — Але калі трэба будзе, за гэты ідэал я гатовы памерці».
У камеры Мандэлы цяпер музей. Справа — яго ўбогае спальнае месца. У турме Мандэла правёў 27 гадоў. Фота: Wikimedia Commons
Мандэла быў пэўны, што іх з паплечнікамі павесяць. «Суддзя прыйшоў на абвяшчэнне прысуду пахмурны, і мы ўжо ні на што не спадзяваліся». Але хлопцам далі пажыццёвае. Лічыцца, што ад шыбеніцы вязняў уратавала міжнародная ўвага.
«У маёй краіне вы спачатку адпраўляецеся ў турму, а потым становіцеся прэзідэнтам»
Як Мандэла і дзесяць яго паплечнікаў перажылі прысуды ад 22 да 30 гадоў? Яны рыхтаваліся да будучыні.
Палітычных ізалявалі ад іншых вязняў (апартэід адчуваўся нават у турме: індусам выдавалі штаны, чарнаскурым — шорты) і вечарамі дазвалялі сустракацца. З падачы Мандэлы яны ператварылі турму ва ўніверсітэт. Кожны чытаў лекцыі па тым, у чым разбіраўся. «Уяві, мы прыйдзем да ўлады і ты станеш міністрам эканомікі, — падбадзёрваў ён таварыша. — Не ўпадай у адчай, падумай, як будзеш развіваць эканоміку».
Мандэлу змясцілі ў адзіночную камеру 2х2,5 м, спаў ён на цыноўцы, нары паставілі толькі праз 10 гадоў. Па начах Нэльсан працаваў над дыпломам бакалаўра (а пазней і магістра) права для Лонданскага ўніверсітэта, дзе вучыўся завочна. Нарэшце з’явіўся час скончыць універ! Акрамя таго, Мандэла вучыў афрыкаанс: «Немагчыма заманіць ворага ў засаду, калі не ведаеш, як мысляць яго генералы».
А днём чакала цяжкая, часам бессэнсоўная праца: вязні драбнілі камяні на шчэбень і пераносілі з месца на месца. Праз тры гады іх перавялі на вапняковы кар’ер. Цёмныя акуляры не дазваляліся, і ад сляпучага сонца ў Нэльсана пачаліся праблемы са зрокам.
Мандэла паказвае прэзідэнту ЗША Білу Клінтану сваю камеру і пляцоўку, дзе драбіў камяні. Фота: Wikimedia Commons
«У турме я любіў выносіць смецце. Часам там трапляліся абрыўкі газет. Я браў гэтыя абрыўкі, чысціў ад бруду, а ўвечары ціха чытаў у камеры. Наўрад ці калі-небудзь хтосьці яшчэ так цаніў прэсу, як я».
За гэтыя абрыўкі ён не раз трапляў у карцар. Пасля вызвалення Мандэла штодзень выконваў рытуал: пасля сняданку сядаў у крэсла і пераглядаў усе восем рэгіянальных газет — ад першай паласы да калонкі з анекдотамі.
Нашто галадоўка? Мы і так змагаемся тут за выжыванне
Увесь час у турме ён сур’ёзна ставіўся да здароўя: скакаў, адціскаўся.
Калі на востраве зайшла гаворка пра тое, каб абвясціць галадоўку, Нэльсан запрацівіўся: «Мы і так змагаемся тут за выжыванне — навошта нам самім пазбаўляць сябе ежы? Трэба з’ядаць усё, што нам даюць. Трэба клапаціцца пра сябе, каб выстаяць».
Спярша сувязі са светам было мала: яму дазвалялася адно наведванне і адзін ліст на шэсць месяцаў — у многіх беларускіх палітвязняў і таго няма. Пры гэтым час ад часу да яго пускалі замежных афіцыйных асоб. Аўтарытэт Мандэлы ўсё рос, і быў нават эпізод, калі ён здолеў паскардзіцца запрошаным суддзям на жорсткасць новага начальніка турмы. Неўзабаве таго знялі.
«Быць бацькам нацыі — вялікі гонар, але быць бацькам сямейства прыносіць больш радасці. А гэтай радасці было так мала ў маім жыцці», — прызнаваўся Мандэла. Дзеці ўпершыню пабачылі яго праз 10 гадоў зняволення: «Tata! Tata!» — плакалі яны, абдымаючы 56‑гадовага Нэльсана. На мове коса гэта таксама азначае «бацька».
Паўстанне ў Саўэта
У 1980‑я ў ПАР павеяла грамадзянскай вайной. Міжрасавыя канфлікты набывалі страшныя абароты. Усё больш чорных цярпела ад паліцыі. Усё больш белых — ад рук чарнаскурых радыкалаў. Сітуацыю запусціла паўстанне ў Саўэта, прыгарадзе Іаганесбурга. У 1976 годзе там адбыліся пратэсты школьнікаў супраць увядзення афрыкаансу як асноўнай мовы навучання замест англійскай. Але «чарнаскурыя павінны разумець, што ім кажа начальства», — вырашыў урад. На родных мовах выкладаліся толькі Закон Божы, музыка і фізкультура.
16 чэрвеня (цяпер гэтая дата адзначаецца як Дзень моладзі) каля 20 тысяч школьнікаў не пайшлі ў школу, многія сабраліся на дэманстрацыю пад лозунгам «Калі мы павінны ведаць афрыкаанс, то прэм’ер-міністр павінен ведаць зулу». Паліцыя адкрыла агонь. Захаваліся страшныя кадры гэтых хлопчыкаў у штоніках са шлейкамі — старэйшы нясе на руках меншага, забітага, а за імі дзяўчаткі ў школьных спадніцах. Пратэсты распаўсюдзіліся, да канца года ў ПАР загінулі некалькі соцень чалавек, дакладная колькасць невядомая.
«Цяпер і мы ведалі, што такое слезацечны газ»
Унук Мандэлы Ндаба так успамінае тыя смутныя часы: «Мы з сябрамі чулі пра паўстанне ў Саўэта. Мы біліся на палках — «паліцэйскія» супраць «пратэстоўцаў» — і разыгрывалі ў дварах жорсткія сцэны, якія кожны дзень бачылі па тэлевізары.
Аднойчы ўвосень 1992 года (лета ў нас заканчваецца ў красавіку, гэта значыць, быў, напэўна, май), гуляючы ў футбол, мы ўбачылі, як на нашай вуліцы збіраецца марш пратэсту. Нам было гадоў па дзесяць. Але мы падумалі: «Мы ж ужо дарослыя! Мы — воіны!» І далучыліся.
Марш быў не вельмі людным — чалавек восемдзесят-сто гадоў дваццаці, яны спявалі, размахвалі сцягамі і нешта скандавалі. Мы прайшлі два ці тры кварталы, калі ўбачылі вялізную жоўтую машыну «Хіпа», якая вывернула з-за рога проста на нас. Яе гармата рэзка крутнулася: «Пах! Пах! Пах!» Над нашымі галовамі зашыпелі каністры са слезацечным газам — і людзі з крыкамі кінуліся хто куды. Хтосьці спатыкаўся і падаў, іншыя дапамагалі ім падняцца.
Мы з сябрамі паджгалі дадому… Там, адкашляўшыся, адпляваўшыся, мы паглядзелі адзін на аднаго. Нам было не страшна, наадварот! Мы былі ў захапленні: цяпер і мы сталі сапраўднымі байцамі! Цяпер і мы ведалі, што такое слезацечны газ».
«Толькі свабодныя людзі могуць весці перамовы»
Паўстанне ў Саўэта радыкальна змяніла псіхалагічны фон у краіне. Упершыню за паўтара дзесяцігоддзя ўрад сутыкнуўся з масавым супрацівам. Тысячы чорных пачалі шукаць кантакт з «Дзідай нацыі».
Мацнеў міжнародны байкот. Капіталы сыходзілі з ПАР. Прадпрымальнікі, банкі, прэзідэнты прасілі ўрад вызваліць Мандэлу, каб разрадзіць абстаноўку. Але ўлады замест гэтага ладзяць прэс-тур, каб паказаць, якія добрыя камеры на востраве Робен, дзе сядзіць Мандэла.
У 1982‑м Нэльсана з чатырма паплечнікамі перавялі ў турму Полсмур у Кейптаўне. Яны лічылі: каб абмежаваць іх уплыў на моладзь, вязняў 1976 года. Цяпер яму дазвалялі 52 лісты на год і нават пусцілі разбіць сад на даху турмы. Але Мандэла ўжо сумаваў па астраўным пейзажы.
Пад ціскам міжнароднай супольнасці прэзідэнт ПАР стаў выстаўляць Мандэле ўмовы. Ён прапанаваў вызваленне, калі той «назаўжды адмовіцца ад гвалту як палітычнай зброі». Але Мандэла яго абсек: «Толькі свабодныя людзі могуць весці перамовы. Зняволеным гэта забаронена. Я не буду рабіць ніякіх крокаў, пакуль мой народ і я ў няволі. Я вярнуся. Amandla!»
Яго пасланне зачытвала народу малодшая дачка. Ёй было 4, калі тату пасадзілі, і 31 — калі вызвалілі.
Потым яна расказвала, як цяжка было перамагчы гнеў на тату, што пайшоў на прынцып, вырашыўшы сядзець. «Мінула шмат часу, перш чым я змагла сабе прызнацца, што паважаю яго рашэнне».
У турму пачалі прыязджаць міністры, буйныя бізнэсоўцы — і Мандэла адчуў сябе гаспадаром сітуацыі. З 1986 года з ім правялі 46 сустрэч. Стала ясна, што вызваленне непазбежнае. Але гэты працэс заняў яшчэ чатыры гады.
У 1988‑м Мандэлу перавялі ў турму «Віктар Верстар», ва ўласны домік з кухарам, відэамагнітафонам і басейнам. Да яго пускалі сваякоў і паплечнікаў. А ў наступным годзе кансерватыўны прэзідэнт ПАР Пітэр Вілем Бота перанёс інсульт. Яго наступнік Фрэдэрык дэ Клерк аказаўся прыхільнікам дыялогу, ён выпусціў палітвязняў і легалізаваў Афрыканскі нацыянальны кангрэс. 11 лютага 1990 года Мандэла выйшаў на волю, гэта паказвалі ў жывым эфіры на ўвесь свет.
У 1990‑я апошні белы прэзідэнт ПАР Фрэдэрык дэ Клерк адмяніў несправядлівыя законы і правёў першыя выбары, у якіх удзельнічалі ўсе расы. Пераможцам на іх стаў Нэльсан Мандэла. За год да выбараў, у 1993-м, Мандэла і дэ Клерк атрымалі Нобелеўскую прэмію міру. Фота: Wikimedia Commons
Выйшаўшы на волю, Мандэла пабудаваў сабе домік на ўзор турэмнага. Ад пытанняў адмахваўся: «Я прывык да таго дома і не хачу ноччу блукаць у пошуках кухні».
Той, хто пачынае дыялог
Ад вызвалення да выбараў, на якіх Мандэла стаў прэзідэнтам, прайшло яшчэ чатыры гады — трэба ўмець цярпець. Увесь гэты час ішлі напружаныя перамовы. Калі ў 1993‑м Мандэла і дэ Клерк атрымлівалі Нобелеўскую прэмію міру, іх адносіны былі што нацягнутая струна.
Праз дзесяць гадоў апошні белы прэзідэнт дэ Клерк скажа: «Адсутнасць азлобленасці — адна з выдатных якасцяў Мандэлы». А злавацца было на што. Урад зацягваў перамовы, каб вымусіць Нэльсана да саступак. Узбройваў і натраўліваў на народ коса ваяўнічых зулусаў. Правакаваў сутычкі з паліцыяй у чорных раёнах.
На перадвыбарным мітынгу ў прыгарадзе Кейптаўна ў 1994 годзе. Фота Wikimedia Commons
У турме яму найбольш бракавала дзіцячых галасоў. І на волі ён стараўся гэта кампенсаваць. «Часам пакаленню даводзіцца стаць вялікім, — казаў ён. — Гэтым пакаленнем можаце стаць вы. Дазвольце заквітнець сваёй велічы». Фота: Wikimedia Commons
«Калі ты ведаеш мову ворага, ён у тваёй уладзе»
Бачачы ўсё гэта, Мандэла арганізуе забастоўку і робіць нечаканы крок — выступае па тэлевізары на мове афрыкаанс, роднай мове сваіх ворагаў. Пры гэтым кажа: «Дэ Клерк — чалавек вялікай прыстойнасці». Паплечнікі азадачаныя: як ён мог такое сказаць пра гэтага гада! Але Мандэла адчуваў, што гаварыць і калі.
У турме на востраве Робен Мандэла давёў веданне афрыкаанса да дасканаласці. Турэмшчыкі звярталіся да яго па дапамогу: перакласці лісты, разабраць дакументы. «Начальнік турмы тасаваў ахоўнікаў кожныя паўгода, каб яны не пасябравалі са мной. Яны павінны былі лічыць мяне за ворага і адпаведна ставіцца. Але,
калі ты ведаеш мову ворага, ён у тваёй уладзе. Каб перамагчы ворага, трэба супрацоўнічаць з ім. Тады ён стане тваім партнёрам, можа быць, нават сябрам».
Нерашучы дэ Клерк арганізуе рэферэндум сярод белых — гэта было апошняе галасаванне, дзе бралі ўдзел толькі белыя. 68% прагаласавалі за працяг перамоў.
Дзень свабоды
27 красавіка 1994 года прайшлі першыя ўсеагульныя выбары (цяпер гэта дзяржаўнае свята — Дзень свабоды). Чорныя плакалі, апускаючы бюлетэні. Прэзідэнтам стаў Мандэла. Віцэ-прэзідэнтам — дэ Клерк.
Партфелі падзялілі між АНК і белай, афрыканерскай Нацыянальнай партыяй. Міністрам унутраных спраў прэзідэнт прызначыў нядаўняга ворага, кіраўніка ваяўнічых зулусаў. У гэтым кампрамісе — увесь Мандэла.
А нараджэнне нацыі паўднёваафрыканцаў адбылося праз год. ПАР прымала чэмпіянат свету па рэгбі. У фінал выйшлі каманды ПАР і Новай Зеландыі. У рэгбі тым часам гулялі выключна белыя, і традыцыйна, дзесяцігоддзямі ўсе чарнаскурыя падтрымлівалі каманду-суперніка. Але ў 1995‑м на стадыён прыехаў Мандэла. Ён быў у бейсболцы «Спрынгбоксу», рэгбі-каманды, шчыра радаваўся іх перамозе і ўручыў капітану зборнай кубак. Гэта быў сігнал афрыканцам усіх рас: «Мы адзін народ».
Кажуць, што «нацыя паўднёваафрыканцаў» нарадзілася ў 1995-м, на чэмпіянаце свету па рэгбі. Фота: Britannica.com
Матч па рэгбі, куды Мандэла прыйшоў, каб падтрымаць белую каманду ПАР, стаў пераломным момантам у гісторыі паўднёваафрыканскай нацыі. Яго асэнсаваў культавы рэжысёр Клінт Іствуд у фільме «Непераможны» (2009). Ролю Мандэлы сыграў Морган Фрыман, капітана рэгбі-каманды — Мэт Дэйман
Камісія па высвятленні ісціны і прымірэнні
Мандэла разумеў, што ўзаемнае прабачэнне — шлях да прымірэння і яднання. Толькі так грамадства зможа рухацца наперад. У гэтым быў і эканамічны сэнс: суседзі, якія выганялі былых каланізатараў, знішчылі гэтым сваю эканоміку, пагрузіліся ў беднасць, а да ўлады ў многіх афрыканскіх краінах прыйшлі жахлівыя рэжымы.
Толькі стаўшы прэзідэнтам, Мандэла стварыў Камісію па высвятленні ісціны і прымірэнні для расследавання злачынстваў, учыненых у перыяд з 1960 па 1994 год у ходзе барацьбы з апартэідам. Камісія не была дзяржаўным органам, не мела паўнамоцтваў суда. Яе задачай было даць слова пакрыўджаным, ахвярам, а не катам.
Пасяджэнне Камісіі па пошуку ісціны і прымірэнні. Узначальваў яе арцыбіскуп Дэсманд Туту. Часам яму ледзьве ўдавалася стрымліваць слёзы. Фота: Raymond Preston / Timeslive.co.za
Шануючы пакуты людзей, камісія не выклікала іх да сябе, а сама выпраўлялася ў вёскі і гарадкі запісваць іх паказанні. «Нам трэба было паглядзець у вочы зверу, каб мінулае больш не трымала нас у закладніках», — казаў кіраўнік камісіі арцыбіскуп Дэсманд Туту, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 1984 года. За два гады праз камісію прайшло 22 тысячы ахвяр. І 8 тысяч катаў, якія атрымалі амністыю. Камісія папярэджвала: калі злачынцы не аб’явяцца да мая 1997 года, рэшту жыцця пражывуць у страху, што іх раскрыюць.
Кожную нядзелю на працягу двух гадоў пасяджэнні камісіі паказвалі па ТБ, транслявалі па радыё. Ахвяры і каты сядзяць вочы ў вочы. Гавораць адно да аднаго. «Ты падвесіў мяне за ногі і завязаў вяроўку так, каб я не мог дыхаць…», «…І вы застрэлілі яе! Яна была ў сінім плашчы, памятаеце?» — гэта ўжо муж загінулай ад чарнаскурых радыкалаў у пачатку 90-х. І ўсе плачуць. Арцыбіскупу Туту часам робіцца невыносна. Ён кусае сябе за палец — напэўна, каб не закрычаць, — і кладзецца галавой на стол.
У камісію звярталіся людзі, чые блізкія прапалі без вестак. І служачыя тайнай паліцыі расказвалі: іх замкнулі ў грузавіку, начыненым выбухоўкай, і пусцілі з абрыву; закатавалі ў пячоры; спалілі за горадам…
Самым частым пытаннем было «Як адшукаць косткі?», самай частай просьбай — паставіць помнік.
Некаторыя ахвяры першы раз бачылі сваіх мучыцеляў пры дзённым святле, тварам у твар. Ахвяры і іх сем’і часта прасілі былых сілавікоў прызнаць віну ды пашкадаваць пра свае дзеянні.
Амністыю злачынцам часоў апартэіду давалі, калі злачынец мог даказаць, што да злачынства яго змушала палітычная сістэма. Але за асабліва цяжкія злачынствы ў амністыі адмаўлялі.
Не ўсім дастаткова было прымірэння. Некаторыя звярнуліся ў суд. Але многія, выгаварыўшыся і пабачыўшы раскаянне сваіх крыўдзіцеляў, адчулі палёгку. Важнай была глыбокая павага перад іх пакутамі, прызнанне і ўшанаванне іх гора. «Сёння, — сказаў адзін стары, — маімі слязамі разам са мной плакаў увесь народ».
Спачатку большасць белых адмаўлялася прызнаваць сістэмны характар катаванняў, калецтваў і забойстваў у час апартэіду. Па словах арцыбіскупа Туту, «вельмі цяжка абудзіць таго, хто прыкідваецца, што ён спіць». Але сукупны аб’ём сведчанняў людзей з розных куткоў краіны расплюшчыў ім вочы.
Мандэла лічыў: каб захаваць мір, нельга ладзіць Нюрнбергскі працэс. Ён заклікаў дараваць — але не забыць.
Мандэла ўвёў моду на шаўковыя кашулі з мудрагелістым узорам. У яго гонар іх сталі называць мадзібамі. Мадзіба — племянное імя: так звалі даўняга продка Нэльсана Мандэлы, і так у старасці сталі называць самога Нэльсана. Праз гэты зварот праяўлялі павагу і любоў. Фота: Wikimedia Commons
«Кіраваць краінай значна лягчэй, чым кіраваць сям’ёй»
«Кіраваць краінай значна лягчэй, чым кіраваць сям’ёй», — жартаваў Нэльсан, размаўляючы з адным са сваіх 17‑ці ўнукаў.
Эвелін — першая жонка Мандэлы. На фота — 1944 год, яна сяброўка нявесты на вяселлі супольных сяброў. Медсястра і грамадская актывістка, Эвелін стала сведкай Іеговы і мужавай актыўнасці не прыняла. У 1990- я яна трымала краму гародніны і жыла звычайным жыццём з дзецьмі, унукамі і другім мужам. Фота: Wikimedia Commons
У Мандэлы было тры жонкі. З першай, Эвелін, яны мелі чацвёра дзяцей: дзвюх дачок па імені Маказіве (адна з іх памерла маленькай, у 9 месяцаў) і дваіх сыноў. З першага класа дзеці мусілі жыць пад фальшывымі імёнамі.
Старэйшы Тэмбі загінуў у аварыі, калі Нэльсан сядзеў у турме, а малодшы Макгата памёр ад ВІЧ ужо пасля яго прэзідэнцтва. Пасля гэтага Мандэла пачаў кампанію дапамогі хворым і прафілактыкі, дзеля чаго адкрыў фонд «46664» — такі быў яго турэмны нумар. Так экс-прэзідэнт змагаўся са стыгматызацыяй хворых на СНІД.
Шляхі Нэльсана і Эвелін сышліся на палітычнай глебе і на ёй жа праз 14 гадоў шлюбу разышліся. Актывістка АНК стала сведкай Іеговы і асуджала мужаву палітычную актыўнасць: «Ты спрабуеш рабіць тое, што мусіць рабіць Бог».
Пазней Эвелін казала, што прычынай разводу стала мужава нявернасць (гаварылі, што сакратарка АНК нават нарадзіла ад яго дзіця), і абуралася: «Свет занадта ўзносіць Нэльсана. Як чалавек, які здзейсніў пралюбадзейства і пакінуў жонку з дзецьмі, можа быць другім Ісусам? Ён усяго толькі мужчына».
Развод быў пакутлівы, доўжыўся два гады — Нэльсан безвынікова змагаўся за апеку над дзецьмі.
Віні Мандэлу, другую жонку Нэльсана, называлі Маці нацыі. Яна чакала яго на волі, сустракала пасля 27 гадоў турмы… Але ўжо праз год пара разышлася. Тым не менш, нават калі Нэльсан зноў ажаніўся, Віні запрашалі на ўсе сямейныя святы. Фота: Wikimedia Commons
Другую жонку Мандэла сустрэў проста на вуліцы пасля аднаго са сваіх судоў. Віні была першай у ПАР чарнаскурай сацыяльнай работніцай, мела шалёную харызму, і вочы яе гарэлі не менш, чым у Нэльсана. На 18 гадоў маладзейшая за мужа, за чатыры гады сумеснага жыцця паміж судамі яна паспела нарадзіць дачок Зенані і Зіндзі. Калі мужа пасадзілі, Віні стала сімвалам супраціву. Ёй самой прыйшлося перажыць страшныя здзекі і паўтара года правесці ў «адзіночцы» ў Прэторыі.
Віні і Нэльсан разышліся ў 1990-я. Публічна Нэльсан тлумачыў, што ў Віні з’явіўся іншы каханы, з якім яна працягвала бачыцца і пасля вызвалення мужа. Але блізкія сцвярджаюць, што ён вельмі цяжка перажываў ідэалагічныя разыходжанні.
Выявілася, што пакуль ён з турмы настойліва заклікаў да міру і Афрыкі для ўсіх, Віні заяўляла: «Разам, рука аб руку, узброіўшыся запалкамі і шынамі, мы вызвалім гэтую краіну!» Мелася на ўвазе жудаснае забойства: адзець на чалавека аблітую бензінам шыну і падпаліць. Пры гэтым Віні распавядала пра ўсе жахі і прыніжэнні, якія вынесла ад белых за час свайго зняволення.
Было і цяжкае канкрэтнае абвінавачанне. У 1980‑я яна стварыла з сірот так званы футбольны клуб Мандэлы. Насамрэч, гэта была банда целаахоўнікаў «Маці нацыі».
Сярод іншага, гэтыя хлопцы ў доме Віні згвалтавалі і закатавалі 14‑гадовага чарнаскурага падлетка, якога западозрылі ў працы на паліцыю.
Віні папрасіла прабачэння ў сем’яў ахвяр. А сэрца Нэльсана было разбітае. У 1994‑м ён абвесціў пра разрыў адносін, праз чатыры гады — пра развод. Але Мандэла працягваў паважаць гэтую жанчыну. Унук успамінае, як страшэнна раззлаваўся Мандэла, калі пабачыў па тэлебачанні, як новы прэзідэнт Таба Мбекі абышоўся з Віні.
У 2001 годзе на адзначэнні Дня моладзі яна падышла да Мбекі і нахілілася, каб пацалаваць таго ў шчаку на знак вітання. Але Мбекі адштурхнуў яе — і з яе галавы ўпала бейсболка.
«Як ён мог?! — крычаў Мандэла. — Ці можна так ставіцца да жанчыны?!» У той дзень ён адмовіўся размаўляць з Мбекі па тэлефоне, яны доўга мірыліся.
Трэцяй жонкай Нэльсана Мандэлы стала Граса Машэл, удава былога прэзідэнта Мазамбіка. Рэдкасны выпадак: Граса пабывала першай лэдзі дзвюх дзяржаў. Вяселле справілі на 80‑годдзе Нэльсана. Фота: Wikimedia Commons
Трэцяй жонкай Мандэлы стала Граса Машэл, удава былога прэзідэнта суседняга Мазамбіка Самора Машэла, які ў 1986 годзе загінуў у авіякатастрофе. Яны распісаліся на Нэльсанава 80-годдзе. Грасе было 52.
Яна займалася гуманітарнай дапамогай дзецям і жанчынам Афрыкі. Скончыла Лісабонскі ўніверсітэт і вольна гаварыла на сямі мовах.
«Найперш Граса адмяніла традыцыю званіць у званочак за абедзенным сталом, — расказвае ўнук Мандэлы. — Гэта было зусім не ў яе стылі, і я быў гэтаму рады. Калі я толькі прыехаў, мне здавалася, што гэта вельмі крута, але пасталеўшы, стаў чуць у гэтым адгалоскі каланіяльных традыцый. Цяпер я разумею, што гэта было вынікам доўгіх гадоў зняволення Мадзібы [племянное імя Мандэлы]: ён не ведаў некаторых рэчаў аб сучасных традыцыях, таму што прапусціў велізарны кавалак жыцця».
Апошнія гады жыцця
Пасля сыходу з пасады прэзідэнта ў 1999 годзе, Нэльсан Мандэла не спыніў сваёй дзейнасці. Засяродзіўшыся на гуманітарнай працы, ён прысвяціў сябе абароне правоў дзяцей і барацьбе з эпідэміяй ВІЧ/СНІД, што стала для яго асабістай трагедыяй пасля смерці яго сына Макгата ад гэтай хваробы.
Мандэла заснаваў некалькі дабрачынных арганізацый, у тым ліку Фонд Нэльсана Мандэлы, і нястомна падарожнічаў, выкарыстоўваючы сваю сусветную славу для збору сродкаў і прыцягнення ўвагі да праблем бедных краін.
Публічна Мандэла стаў больш актыўна крытыкаваць заходнія дзяржавы. Ён рашуча выступіў супраць умяшання НАТА ў Косава ў 1999 годзе і назваў гэта спробай наймагутнейшых краін свету кантраляваць увесь свет. У 2003 годзе ён выступіў супраць планаў ЗША пачаць вайну ў Іраку, назваўшы гэта «трагедыяй».
У 2004 годзе, ва ўзросце 86 гадоў, Мандэла афіцыйна абвясціў аб сваім поўным адыходзе ад грамадскага жыцця, заявіўшы: «Не тэлефануйце мне, я патэлефаную вам».
Апошнія гады жыцця Мандэлы былі адзначаны паступовым пагаршэннем здароўя, што было часткова звязана з хранічнымі захворваннямі лёгкіх, атрыманымі падчас зняволення на Робен-Айлендзе. Ён усё радзей з’яўляўся на публіцы, а свет уважліва сачыў за кожным паведамленнем пра яго шпіталізацыю.
Нэльсан Мандэла памёр у 95 гадоў 5 снежня 2013 года ў сваім доме ў Ёханесбургу, у асяроддзі сям'і. Мандэлу пахавалі ў яго роднай вёсцы ва Усходняй Капскай правінцыі, дзе ён правёў сваё дзяцінства.
Паводле запавету Мандэлы, грамадства далей працуе над захаваннем грамадзянскага міру. Што праўда, сітуацыя трансфармуецца. Як для нашай моладзі савецкія часы становяцца міфам, так і ў ПАР белая і чорная моладзь усё менш разумее траўмы бацькоў.
Пратэя артышокавая, нацыянальная кветка ПАР, якая змяшчаецца над шчытом на дзяржаўным гербе. Фота: Wikimedia Commons
Акрамя кветкі пратэі, на гербе ПАР прысутнічае птушка-сакратар — магутная і хуткая, яна нібы абараняе сваю краіну ад ворагаў. Шчыт абкружаны біўнямі сланоў. А дэвіз напісаны на мясцовай мове цхам, якая вымерла ў ХІХ стагоддзі: «Розныя людзі, яднайцеся» — намёк на шматнацыянальны склад ПАР. На фота пратэя сорту Мадзіба.
Сакрэт поспехаў Мандэлы — не толькі харызма, вера ў сваю справу, а і фантастычная інтуіцыя. Дзе і калі пайсці на кампраміс, а дзе стаяць да канца.
А спадчына Мандэлы — не толькі ў нязломнасці падчас барацьбы за дэмакратыю, але і ў павазе да прававых нормаў пасля перамогі. У адрозненне ад многіх афрыканскіх лідараў, Мандэла заставаўся ва ўладзе толькі адзін тэрмін, ад 1994 да 1999 гадоў, заклаўшы традыцыю зменнасці прэзідэнтаў.