У Белаазёрску адкрылі помнік беларускай крэветцы
Падчас свята «Дажынкі» ў Брэсцкай вобласці, што праводзіцца сёння ў Белаазёрску, адкрылі помнік беларускай прэснаводнай крэветцы. У цырымоніі прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Юрый Шулейка і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пятро Пархомчык, піша БелТА.
У Бярозаўскім раёне водзіцца рачная крэветка. Зрабіць ёй помнік прапанаваў адзін з мясцовых жыхароў.
Скульптурную кампазіцыю паставілі ў гарадскім парку Белаазёрска. На вяршыні валуна красуецца металічная фігура крэветкі, яе памер амаль у чалавечы рост.
Задумку ўвасобілі ў жыццё брэсцкія майстры.