БЕЛ Ł РУС

У Маскве затрымалі кіроўцу, які ездзіў на беларускіх нумарах з лічбай «дзевяць»

4.10.2025 / 14:18

Nashaniva.com

Расійская дзяржаўтаінспекцыя аператыўна адрэагавала на інфармацыю ад калег з Беларусі, што па Маскве можа рухацца красовер з падробленымі рэгістрацыйнымі знакамі, падобнымі на беларускія.

Супрацоўнікі выявілі аўтамабіль і спынілі яго на Яраслаўскай шашы, паведамляе прэс-служба МУС.

За рулём знаходзіўся жыхар Масквы 1972 года нараджэння. У дачыненні да яго складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях па арт. 12.2 і 12.6 КаАП РФ. Падробленыя рэгістрацыйныя знакі канфіскаваны.

Кіроўцу пагражае пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі на тэрмін ад шасці месяцаў да года.

Днямі ў інтэрнэце з'явілася відэа, знятае ў Маскве. На ім быў аўтамабіль з лічбай «дзевяць» на беларускіх нумарах. 

Аўтар роліка звярнуў увагу на незвычайную дэталь — лічбу 9 напрыканцы дзяржнумара, якая абазначае рэгіён рэгістрацыі, такога ў Беларусі няма.

У прэс-службе МУС пракаментавалі сітуацыю: «Міністэрства ўнутраных спраў афіцыйна заяўляе: у нашай краіне не выдаюцца рэгістрацыйныя знакі транспартных сродкаў з кодам рэгіёна «9». Нагадаем: падробка рэгістрацыйнага (нумарнога) знака транспартнага сродку з мэтай эксплуатацыі або збыту транспартнага сродку цягне за сабой крымінальную адказнасць».

Таксама паведамлялася, што работнікамі ДАІ адпраўлена адпаведная інфармацыя калегам у Расію для рэагавання.

Чытайце таксама:

«Дзявятка» на беларускіх аўтамабільных нумарах: тыкток гадае, што гэта значыць

У міліцыі пракаментавалі дзіўнае відэа з «дзявяткай» на беларускіх нумарах

Каментары да артыкула