БЕЛ Ł РУС

«Маё дзіця дома расказвае, што мы ўсё яшчэ ваюем з немцамі». Чаму цяпер вучаць у беларускай школе

4.10.2025 / 21:6

Nashaniva.com

У гэтым навучальным годзе Дзень ведаў у беларускіх школах пачаўся з тэмы «Эстафеты пакаленняў»: вучням зачытвалі выказванні Аляксандра Лукашэнкі і прапаноўвалі напісаць «ліст піянерам 2075 года». Вядома, не ўсюды даходзіла да адкрытага падхалімства, як заказ шакаладак з цытатамі правадыра. Але дзяржаўнай сімволікі, пахвалы рэжыму і ідэалогіі на занятках стала прыкметна больш, кажуць беларусы. Сваякі вучняў беларускіх школ і былы педагог на ўмовах ананімнасці расказалі «Салідарнасці», як гэта адбываецца.

Фота ілюстрацыйнае

«Вешаюць прапагандысцкую лапшу на вушы»

Наталля, мама другакласніка:

«Я дзіка стамілася ад бесчалавечнасці і фармалізму, які пачынаецца з правіл па клетках і водступах у сшытках і не заканчваецца.

У сына ёсць асаблівасці, пацверджаныя медыкамі, для нас з ім чытанне і пісьмо — штодзённы маленькі подзвіг. На лета, па парадзе дактароў, я не перагружала яго заданнямі, дала адпачыць.

Цяпер настаўніца патрабуе даць ёй «Дзённік пазакласнага чытання» — не просіць, а менавіта патрабуе, хоць яна добра ведае пра цяжкасці сына. Я раззлавалася і сказала, што выдумляць нічога не буду. Хаця б у такой дробязі ўдалося сябе абараніць.

А вось так званых інфармацыйных гадзін, на жаль, пазбегнуць не атрымалася. У першым класе іх ставілі адразу пасля ўрокаў і вельмі коратка, на пятнаццаць хвілін, пра тое, як цудоўна жыць у такой цудоўнай краіне. У гэтым годзе гадзіна інфармавання, раз на тыдзень, стаіць першым урокам. І гэта мой боль і жах.

У верасні дзецям (уявіце толькі, другакласнікам!) на гэтым так званым уроку ўжо расказалі пра нямецкіх захопнікаў, пра тое, што такое генацыд і якія жудасныя планы выношвала фашысцкая Германія. Але робіцца гэта так, што потым маё дзіця дома расказвае, што мы ўсё яшчэ ваюем з немцамі! Не 80 гадоў таму СССР і Германія, а мы і цяпер.

Яшчэ ў іх быў даклад, літаральна па метадычцы, з цытаваннем дзяржаўных газет і тэлеканалаў — пра «сітуацыю на межах нашай дзяржавы».

Усё пра тое, якая Беларусь цудоўная і гасцінная, колькі іншаземцаў прыязджае да нас без візы, вучацца, працуюць — карацей, краіна для людзей. У той час як суседнія краіны «адгароджваюцца платамі і калючым дротам» і «не праяўляюць элементарнай міласэрнасці» да людзей, якія шукаюць лепшага жыцця ў Еўропе.

То-бок ужо ў малодшых класах дзецям вешаюць прапагандысцкую локшыну на вушы.

Я не паленавалася і даведалася некаторыя тэмы гэтых гадзін у першым паўгоддзі: якія якасці павінен мець сапраўдны патрыёт, чаму быць здаровым — гэта абавязак кожнага грамадзяніна, чаму мы павінны памятаць і ганарыцца днём народнага адзінства, «Хто такія піянеры», «Радзіма — Айчына — Дзяржава», «Жыццё без экстрэмізму».

У мяне цэнзурных слоў літаральна няма і валасы на галаве варушацца. Амаль нічога з гэтых размоў, магчыма, акрамя здароўя, не пра адукацыю і не пра выхаванне.

Шчыра кажучы, не ведаю, як іншыя бацькі да гэтага ставяцца — страшнавата падобныя тэмы абмяркоўваць нават у асабістай размове, не кажучы ўжо пра бацькоўскі чат. Але мы ў сям’і вырашылі, па магчымасці, ладзіць ціхі сабатаж.

Будзем старацца запісваць сына на ўсе прыёмы дактароў, да лагапеда і псіхолага менавіта раніцай у дзень «інфармацыйнай гадзіны» або сустрэч з інспектарамі па справах непаўналетніх, МНС-аўцамі і хто там яшчэ па школах ходзіць.

Бо калі гэта ніяк не спыніць — мне страшна, што людзі, якія называюць сябе настаўнікамі, укладуць у галаву майму сыну і ўвогуле ўсім нашым дзецям».

«Справа зусім не ў ведах, а ў грубым падлабуньванні»

«Мая пляменніца Саша вучыцца ў 11‑м класе, — расказвае мінчанка Валерыя. — У даволі прэстыжнай, па водгуках, гімназіі. Яна займаецца спортам і часта выступае, у тым ліку за школу, у адказ ёй часта ішлі насустрач і не перагружалі заданнямі па тых прадметах, якія не вельмі добра ідуць.

Не тое каб «нацягвалі» адзнакі, але давалі магчымасць дапрацаваць і палепшыць выніковы бал. Па папярэдніх прыкідках, у яе можа нават атрымацца срэбраны медаль, калі пастарацца.

Сашка і сапраўды старалася з усіх сіл. Сястра, хоць сілай абставін выхоўвае яе адна, наймала рэпетытараў па некаторых прадметах.

Але да канца мінулага года мы сталі заўважаць, што стаўленне мяняецца: у цэнтры ўвагі апынулася «патрыятычнае выхаванне», а не вучоба.

Фізіка-матэматычны профіль цяпер не так важны, як пропуск класнай гадзіны або дапрызыўнай падрыхтоўкі. У класах абнавілі партрэты Лукашэнкі і дзяржаўныя сцяжкі (адгадайце, за чый кошт), паездкі і экскурсіі прапануюцца толькі на Лінію Сталіна, у музей Вялікай Айчыннай вайны, у Хатынь і гэтак далей.

Самае паказальнае — новы прадмет «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» і «Грамадазнаўства», дзе ўсімі спосабамі ўзвышаюцца дасягненні дзяржавы і традыцыйныя каштоўнасці.

У пляменніцы не вельмі добра атрымліваюцца такія дысцыпліны, яна і вырашыла падрыхтаваць даклад па грамадазнаўству. Мама дапамагла, зрабілі яркую і прыгожую прэзентацыю — а настаўніца паставіла «восем», нібы добра, але не вельмі.

У падлеткаў вострае пачуццё несправядлівасці, і Саша задала пытанні, што не так. А ёй адказалі, што не бачна глыбокага разумення сучаснага кантэксту, ролі дзяржавы ў жыцці грамадства, маўляў, не дацягвае да вышэйшых балаў.

У той жа час значна слабейшы даклад аднакласніка ацанілі на «дзясятку». А пасля другога такога выпадку мы параўналі тэмы, тэксты, нічога не разумелі — і раптам як зразумелі! Справа, аказваецца, ў тым, што пляменніца не цытавала Лукашэнку ў сваёй працы. А абодва выдатнікі — далі цытаты вялікім шрыфтам.

Праверылі гіпотэзу, і ў адным з вусных адказаў пляменніца ўставіла выраз, маўляў, «як казаў кіраўнік дзяржавы…» Ёй тут жа паставілі 10.

Ёй гэта вельмі балела — што справа зусім не ў ведах, а ў грубым падлабуньванні. Сказала, што ўсё адно, будзе медаль ці не, і што цяпер настаўніцай яна дакладна быць не хоча.

Пакуль сумняваецца, куды паступаць, але хутчэй за ўсё — у Расію (вучобу ў Еўропе сястра не пацягне), каб не «трапіць» з размеркаваннем.

Настаўніцу ў гэтыя планы мы, вядома, не пасвячаем — у мінулым годзе адна наіўная і летуценная дзяўчынка падзялілася, што хацела б вучыцца ў каледжы мастацтваў у Італіі, дык яе «пясочылі» перад усім класам.

«Ціхенька шкадую тых калег, хто прыйшоў працаваць па пакліканні»

Светлана Генадзеўна працавала школьнай настаўніцай «яшчэ ў той Беларусі», дзясятак гадоў на пенсіі. Кажа, што ў складанай сітуацыі сімпатызуе ўсім бакам: і вучням, і педагогам.

«Але педагогам усё ж трохі больш, — дадае яна. — Бо яны максімальна залежныя ад сістэмы, за любыя «геніяльныя» ідэі і сырыя рэформы зверху ім прылятае ад бацькоў, ад непасрэднага кіраўніцтва і розных кантралёраў.

Памятаеце, як у 2017 годзе пераносілі час урокаў, бо адзін вядомы бацька вядомага школьніка ўнёс рацпрапанову? А як праз пару гадоў накінуліся на падручнікі па матэматыцы і па біялогіі?

Настаўнікі ва ўсіх выпадках аказваліся крайнімі і ціхенька маліліся, каб хутчэй ужо Лукашэнка-малодшы школу скончыў. Цяпер адказвае вышэйшая адукацыя.

Пазашкольных спраў, велізарнага аб’ёму папяровай працы і распараджэнняў, нярэдка супярэчлівых, скаргаў, патрабаванняў «знайсці падыход» заўсёды хапала. Але за апошнія гады дзяржава яшчэ больш учапілася ў школу.

Гадзіны і факультатывы патрыятычнага выхавання, вайсковыя класы, барацьба з гаджэтамі — чытаючы навіны, я ціхенька шкадую тых калег, хто прыйшоў працаваць па пакліканні.

Мне складана сказаць, што з гэтым рабіць. Магчыма, уключыць рэжым самаабароны, выконваць абавязак і ўсё ж вучыць дзяцей. І было б цудоўна супрацоўнічаць з бацькамі, а не шукаць крайніх у гэтым працэсе».

Чытайце таксама:

Дарадца Ціханоўскай: З 2020 года шэсць тысяч настаўнікаў страцілі працу ў выніку рэпрэсій

Фільм «Класная»: паглядзелі яго, каб зразумець, якімі «яны» хочуць бачыць «нас»

«З татам вырашылі: наспеў час вучыцца па-беларуску». Жанчына расказала, як у 80‑я гады ездзіла за 20 кіламетраў ад Мінска дзеля адукацыі на роднай мове

Вось як выглядаюць новыя падручнікі па замежных мовах для школ — з кадэтамі і піянерамі

«Трэба раздзяліць адукацыю і беларусізацыю». Нечаканая прапанова гісторыка Цімоха Акудовіча

«Тэму генацыду беларускага народа прыдумалі расіяне і падсунулі гэта ў якасці сцэнарыя для мабілізацыі беларусаў»

Каментары да артыкула