«Парадак толькі ад улады, ад прэзідэнта. Без яго была б звалка». Азаронак назваў беларусаў бескультурнымі па натуры
Прапагандыст Рыгор Азаронак пакпіў з рэпутацыі беларусаў як культурнай нацыі. Ён назваў гэта «дурным уяўленнем пра жыццё».
«У нас ёсць некаторыя вельмі дурныя і наіўныя ўяўленні пра жыццё. Маўляў, ах, гэта вось беларусы, такія культурныя, еўрапейскія, нават каты ў нас на чырвонае ходзяць, а таму — чысціня і парадак», — пераблытаўшы колеры святлафора, напісаў прапагандыст.
На яго думку, «гэта лухта».
«У дзевяностыя кожны двор быў звалкаю. І сімвалам усяго гэтага быў недабудаваны Палац Рэспублікі, дзе жылі і снашаліся бамжы, усюды валяліся шпрыцы, размнажаліся якія заўгодна мігранты і можна было прыкупіць наркату», — намаляваў карціну 90‑х дасведчаны 29‑гадовы прапагандыст.
«А цяперашні парадак і спакой — яны не самі сабою, не з неба зваліліся. Не таму, што мы тут такія дафіга добрыя.
Гэта толькі заслуга асабіста прэзідэнта і яго ваяроў-сілавікоў», — заявіў Азаронак.