Сёння Ізраіль выдварыць Грэту Тунберг і 175 удзельнікаў флатыліі
Сёння, 6 кастрычніка, не менш як дзве групы ўдзельнікаў так званай «флатыліі Сумуда», якая накіроўвалася ў Газу і была перахоплена ВМС ЦАХАЛа, будуць дэпартаваныя з Ізраіля, піша Newsru.co.il.
Фота: Kike Rincon/Europa Press via Getty Images
165 актывістаў — сярод іх 27 грамадзян Грэцыі і грамадзянка Швецыі Грэта Тунберг — будуць дэпартаваныя ў Грэцыю. 10 актывістаў будуць дэпартаваныя ў Славакію. У абодвух выпадках авіярэйсы будуць аплачаныя краінамі, што накіроўваюць гэтыя самалёты, а не Ізраілем.
Раней Міністэрства замежных спраў у Афінах паведаміла, што супрацоўнікі пасольства Грэцыі ў Тэль-Авіве наведалі турму, у якой утрымліваюцца 27 грамадзян Грэцыі, што ўдзельнічалі ў акцыі «флатыліі». Паводле слоў дыпламатаў, усе яны здаровыя і атрымліваюць неабходную дапамогу.
Па распараджэнні МЗС Грэцыі, 6 кастрычніка з аэрапорта «Рамон» побач з Эйлатам вылеціць спецыяльны борт, якім дэпартаваныя актывісты будуць дастаўлены ў Афіны.
Раней брытанская Guardian, са спасылкай на перапіску Міністэрства замежных спраў Швецыі з асобамі з блізкага атачэння Тунберг, паведаміла, што прадстаўнік пасольства Швецыі сустракаўся з Грэтай і што яна паведаміла пра абязводжванне і недастатковае харчаванне, а таксама пра сып, выкліканы клапамі.
Там жа, са спасылкай на аднаго з затрыманых, паведамляецца, што Тунберг прымушалі трымаць нейкія сцягі і фатаграфавалі, а таксама прасілі падпісаць нейкі дакумент, які не быў перакладзены.
Міністэрства замежных спраў Ізраіля назвала заявы пра жорсткае абыходжанне з Грэтай Тунберг нахабнай хлуснёй.
«Заявы пра жорсткае абыходжанне з Грэтай Тунберг і іншымі затрыманымі з флатыліі ХАМАС-Сумуд — нахабная хлусня. Усе юрыдычныя правы затрыманых цалкам выконваюцца. Цікава, што сама Грэта і іншыя затрыманыя адмовіліся паскорыць сваю дэпартацыю і настойвалі на працягненні знаходжання пад вартай. Грэта таксама не падавала ізраільскім уладам ніякіх скаргаў на гэтыя недарэчныя і беспадстаўныя абвінавачванні — таму што нічога падобнага не адбывалася», — гаворыцца ў каментары МЗС Ізраіля.
Чытайце таксама:
Флатылія Грэты Тунберг з 21 судна зноў плыве ў Газу
Дрон у Міжземным моры атакаваў судна Грэты Тунберг на шляху ў Газу
Ізраіль спыніў судны флатыліі Грэты Тунберг, сама Грэта затрыманая