БЕЛ Ł РУС

Маскоўскі кіроўца з «дзявяткай» на падробленых беларускіх нумарах спрабаваў выдаць сябе за беларускага спецслужбіста

6.10.2025 / 16:17

Nashaniva.com

На мінулым тыдні абмяркоўвалася гісторыя масквіча, які раскатваў па Маскве на Kia Mohave з падробленымі беларускімі нумарамі Е 888 КХ-9. Яны кінуліся ў вочы блогеру праз неіснуючы 9 рэгіён, кіроўцу затрымалі. Але сэнс нумароў тонкі. 

Беларускія нумары пачынаюцца не з літары (калі гэта не электрамабіль), а з чатырох лічбаў. У гэтым сэнсе на падробленых нумарах, з якімі злавілі масквіча на KIA, усё няправільна, а не толькі рэгіён (нумары з «дзявяткай» выдаваць яшчэ не пачалі). 

Няўжо ён быў такі дурны, што гэтага не разумеў? Не, наўрад ці. Рэч у іншым. 

У гэтых нумарах ёсць утоены ад масавай публікі сэнс, які, у той жа час, вельмі празрысты для маскоўскіх даішнікаў. 

Нумары ўзору Е[***]КХ9[*] у Расіі эксклюзіўна выкарыстоўваюцца на службовых машынах Цэнтральнага апарату Федэральнай службы аховы (ФСА).

Функцыі ФСА можна груба параўнаць з беларускай службай бяспекі Лукашэнкі — ахова вышэйшых адказных асоб і стратэгічных аб'ектаў.

Машыны расійскага ФСА. Фота: o001oo.ru

Расійскія даішнікі, безумоўна, ведаюць, хто ездзіць на такіх нумарах, і, як лічыцца сярод абывацеляў, не спыняюць нават пры парушэннях. Праз гэта з'явіўся нават народны пераклад абрэвіятуры ЕКХ — «еду как хочу». 

Машына расійскага ФСА. Фота: o001oo.ru

Такім чынам, начэпленыя на Kia падробленыя беларускія нумары маглі б дапамагчы сысці за супрацоўніка беларускіх спецслужбаў. 

Машына расійскага ФСА. Фота: o001oo.ru

Ёсць тонкасць і ў неіснуючай у беларускай сістэме нумароў дзявятцы. Маскоўскія супрацоўнікі ФСА — горад, у якім і ездзіла KIA, — у асноўным маюць серыю нумароў, якая пачынаецца на 9 (у Маскве гэта 97 і 99, а таксама 90 — дадатковы код Маскоўскай вобласці).

Нумары пачынаюцца з літары Е. 

Машына расійскага ФСА. Фота: o001oo.ru

Такім чынам, і першая Е, і апошняя дзявятка на «беларускіх» нумарах Е888КХ-9, верагодна, размешчаны не проста так, а для ўвядзення ў зман мясцовых даішнікаў, якія ў ідэале павінны палічыць, што ў краіне ваеннага саюзніка дзейнічаюць такія ж няпісаныя нумарныя правілы, як у іх дома.

Мяркуючы па ўсім, схема працавала. 

Гаспадара машыны і нумароў затрымалі толькі пасля таго, як пра сітуацыю стала вядома публічна. Яго спынілі на Яраслаўскай шашы 4 кастрычніка.

На 53‑гадовага жыхара Масквы склалі некалькі пратаколаў. Падробленыя рэгістрацыйныя знакі канфіскавалі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула