БЕЛ Ł РУС

У Быхаўскім раёне жанчына памерла ад укусу асы, калі піла квас

6.10.2025 / 14:45

Nashaniva.com

Няшчасце здарылася ў канцы жніўня на лецішчы.

Паводле слоў мужа, 57‑гадовая жанчына пакутавала ад алергіі на ўкусы насякомых, і ў той злашчасны дзень падчас ужывання квасу яе ўкусіла аса ў вусны.

Выпіўшы тры таблеткі супрацьалергічнага прэпарата, жанчына, адчуўшы недамаганне, пайшла адпачыць у пакой, аднак ужо праз некалькі хвілін страціла прытомнасць. Хуткая дапамога канстатавала смерць.

Судовым экспертам выяўлена толькі колатая рана мяккіх тканак ніжніх вуснаў, якая магла ўтварыцца ад джала ядавітага насякомага. У выніку ўкусу ў пацярпелай развіўся ангіянеўратычны ацёк (ацёк Квінке) у вобласці твару, шыі, верхніх дыхальных шляхоў з звужэннем іх прасвету, што прывяло да ўдушша. Смерць наступіла на працягу некалькіх хвілін, паведамляе Дзяржкамітэт судовых экспертыз.

Эксперты звяртаюць увагу, што адзінкавых укусаў джалячых насякомых у вобласць твару і шыі дастаткова для запуску ў арганізме складанага імунабіялагічнага механізму — рэакцыі гіперадчувальнасці на алерген, якая выклікае незваротныя паталагічныя змены ў органах дыхання і кровазвароту.

Эксперты нагадваюць: пры ўзнікненні першых сімптомаў мясцовай алергічнай рэакцыі пры ўкусе ў твар і шыю неабходна тэрмінова звярнуцца па медыцынскую дапамогу, бо лік можа ісці на хвіліны. Пры першасна ўзніклай алергічнай рэакцыі на ўкус джалячых насякомых неабходна кансультацыя алерголага для прызначэння лячэння і атрымання рэкамендацый па прафілактыцы алергічных рэакцый.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула