Арастовіч заявіў, што аддаў бы Расіі чатыры вобласці і Крым
Былы дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч заявіў, што калі б ён быў прэзідэнтам Украіны, то аддаў бы «чатыры вобласці і Крым» Расіі, пры гэтым не прызнаючы іх юрыдычнага статусу. Сваю пазіцыю ён выказаў у інтэрв'ю ютуб-каналу «Осторожно, Собчак».
Аляксей Арастовіч. Скрыншот з відэа
«Я аддаю чатыры вобласці і Крым. Не прызнаю іх расійскімі, аддаю іх на ўмовах як ФРГ і ГДР. Гэта прыпыненне вайны. Будзе «мірнае пагадненне, якое працягваецца», не дамова. Выводжу войскі, стаўлю іх па мяжы», — сказаў Арастовіч.
Па яго словах, пасля таго можа быць створана «новая лінія судакранання» па прыкладзе Паўночнай і Паўднёвай Карэі.
«Падпісваем мірнае пагадненне і перабудоўваем сістэму адносін, калі будзе добрая воля расійскага боку на тое, каб вайна па гэтай лініі не аднавілася ніколі», — выклаў Арастовіч сваю праграму.
Перш за ўсё пры абранні прэзідэнтам Арастовіч адправіўся б у Маскву на сустрэчу з Пуціным: «Як той казаў: «іду на вы». Гэта не на паклон, а гэта як Саша Белы на стрэлку».
Акрамя таго, Арастовіч гатовы правесці сумесны малебен з Пуціным за загінулых у вайне і ўскласці кветкі на магілы загінулых расійскіх вайскоўцаў, калі расіяне зробяць тое самае ў адказ.
Таксама ён падкрэсліў, што ва Украіне павінны быць забяспечаныя правы рускамоўнага насельніцтва і Рускай праваслаўнай царквы. Маўляў, выкананне ўсіх гэтых умоў магло б спрыяць спыненню канфлікту.
Чытайце таксама:
«Два-тры тыдні». Ад Арастовіча да Буданава — 5 гучных прагнозаў пра вайну, якія не спраўдзіліся
Зяленскі ўвёў санкцыі ў дачыненні да былога дарадцы Офіса прэзідэнта Украіны Аляксея Арастовіча
«Два-тры тыдні максімум — і вайна скончыцца». Арастовіч патлумачыў тыя свае словы