Мужчына павёз п’янага суседа на яго аўто ў краму. Па дарозе насмерць збіў 19‑гадовую дзяўчыну
Мужчына сеў за руль Renault Megane суседа — той папрасіў адвезці яго ў краму, бо сам быў п’яны. Паездка закончылася трагедыяй.
Мужчына ехаў з хуткасцю каля 90 км/г па добра бачным участку дарогі Капыль — Нясвіж. Кіроўца пачаў абганяць Opel Astra, але не ўпэўніўся, што паласа, на якую ён збіраўся выехаць, свабодная, піша Onliner.by.
Падчас абгону ў кіроўцы Renault Megane была магчымасць убачыць дзяўчыну, якая стаяла на сустрэчнай паласе. Яна трымала ў адной руцэ ровар, а ў другой — тэлефон. Кіроўца не паспрабаваў затармазіць або знізіць хуткасць. Толькі пасля сутыкнення з пешаходам абвінавачваны пачаў тармазіць, вярнуўся на правую паласу руху, дзе спыніўся на абочыне. У выніку ДТЗ 19‑гадовая дзяўчына атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні і памерла на месцы здарэння.
У судовым пасяджэнні абвінавачваны віну прызнаў у поўным аб’ёме.
— Суд Капыльскага раёна пастанавіў абвінаваўчы прысуд. На падставе ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса яго накіравалі ў калонію ва ўмовах пасялення на 2,5 года і пазбавілі правоў на 5 гадоў, — паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Мінскай вобласці.
Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.