Сотні пратэстоўцаў напалі на картэж прэзідэнта Эквадора
Гэта адбылося ў правінцыі Каньяр у цэнтральнай частцы Эквадора, калі прэзідэнт Даніэль Набоа ехаў на адкрыццё ачышчальных збудаванняў.
Фота: Presidencia Ecuador/X
Картэж акружылі сотні пратэстоўцаў, якія, паводле даных уладаў, кідалі камяні і цэглу, а таксама ўжывалі агнястрэльную зброю, піша Бі-бі-сі.
«Каля 500 чалавек з’явіліся і кідалі камяні, на аўтамабілі прэзідэнта таксама ёсць відавочныя сляды ад куль», — сказала міністр аховы навакольнага асяроддзя Інэс Мансана.
Паводле яе слоў, пяць чалавек былі затрыманыя, сам прэзідэнт не пацярпеў. Улады заявілі, што затрыманыя будуць «прыцягнутыя да адказнасці за тэрарызм і замах на забойства».
Прэс-служба прэзідэнта таксама апублікавала ў X фота пашкоджанага прэзідэнцкага ўсёдарожніка і відэа, знятае з салона іншага аўтамабіля падчас нападу.
У Эквадоры праходзяць масавыя пратэсты супраць павышэння цэн на дызельнае паліва, якія суправаджаюцца сутыкненнямі. Улады абвінавачваюць у беспарадках наркакартэлі.