Пракуратура хоча, каб міліцыя больш жорстка карала хатніх тыранаў: патрабуюць актыўней выкарыстоўваць ахоўнае прадпісанне
Генеральная пракуратура агучыла свае прэтэнзіі да практыкі барацьбы з хатнім гвалтам. Як вынікае з ведамасных матэрыялаў, міліцыя часта абыходзіцца з аб’юзерамі занадта мякка. Пракуратура патрабуе больш рашучых мер і дае канкрэтныя ўказанні, як выкарыстоўваць механізмы ізаляцыі аб'юзераў ад ахвяр.
Міліцыя. Фота Look By Media
У ведамасным часопісе «Законнасць і правапарадак» апублікаваны артыкул «Да пытання аб папярэджанні хатняга гвалту» пад аўтарствам старшага памочніка пракурора Мінска Наталлі Калпаковай з канкрэтнымі заўвагамі ў адрас міліцыі.
Асноўны папрок — недастатковае прымяненне строгіх мер да асоб, якія ўчыняюць гвалт у сям'і. У прыватнасці, ведамства лічыць, што міліцыя занадта часта абмяжоўваецца папярэджаннямі там, дзе патрэбны рэальны пераслед і ізаляцыя.
Калі пацярпелая (ці пацярпелы) піша заяву аб прымірэнні з агрэсарам, то справы аб адміністратыўным правапарушэнні проста спісваюць.
Пракуратура ж патрабуе, каб сілавікі лепш разбіраліся ў сітуацыі. У выпадку, калі пацярпелыя знаходзяцца ў залежным стане ад агрэсараў ці раней іх справы ўжо спыняліся праз прымірэнне, то трэба паўторна высвятляць жаданне пацярпелых прыцягнуць дэбашыра да адказнасці. І нават калі пацвярджаецца прымірэнне, усё адно трэба перадаць такія матэрыялы ў пракуратуру.
Таму што тады будзе прасцей ставіць агрэсараў на ўлік, праводзіць з імі прафілактычную працу, а калі не спрацуе, то адпраўляць у ЛПП ці заводзіць крымінальныя справы.
Аўтарка прыводзіць прыклад: у 2024 годзе мужчына забіў сваю былую жонку. Калі сталі разбірацца, аказался, што з 2019 года ў іх неаднаразова адбываліся сямейныя скандалы. Пацярпелая заяўляла, што былы муж яе збіваў, а суседзі пацвярджалі факты пагроз забойствам. Пры гэтым ні па адным з паведамленняў пра хатні гвалт не былі прыняты адпаведныя меры. Па трох матэрыялах былі прыняты рашэнні аб спыненні адміністрацыйнага працэсу ў сувязі з прымірэннем бакоў, а ў пагрозе забойствам, пра якую паведамлялі суседзі, супрацоўнікі міліцыі не знайшлі злачынства.
Галоўны інструмент, які дазваляе часова ізаляваць крыўдзіцеля ад ахвяры, — ахоўнае прадпісанне. Гэта забарона аб'юзеру набліжацца да пацярпелага і, пры неабходнасці, патрабаванне пакінуць сумеснае жыллё. Згодна з законам, гэта можна зрабіць у тым выпадку, калі супольнае пражыванне стварае рэальную пагрозу жыццю або здароўю ахвяры і дзецям.
«Аналіз пракурорскай практыкі паказвае, што неабходнасць яго прымянення ўзнікае значна часцей, чым яно на самой справе выносіцца», — піша Наталля Калпакова.
Нават пры наяўнасці ўсіх законных падстаў міліцыя нярэдка ігнаруе гэтую меру, пакідаючы ахвяру ў небяспецы.
Ва ўсіх раёнах Мінска вызначаны месцы часовага пражывання для тых, у адносінах каго вынесена ахоўнае прадпісанне — каб агрэсар пакінуў у спакоі жонку з дзецьмі і даў ім прадыхнуць. Гэта платныя пакоі ў інтэрнатах, абсталяваныя мэбляй. Аднак за два гады — 2023‑2024 — у гэтыя месцы было толькі адно засяленне, бо міліцыя і суды не хочуць выкарыстоўваць гэты механізм.
А пракуратура патрабуе ад міліцыі, каб яна не чакала крытычнай сітуацыі, а дзейнічала на апярэджанне, калі ёсць хоць нейкія прыкметы пагрозы.
Канкрэтная прапанова — зрабіць так, каб міліцыя кантралявала паводзіны тых, хто два і больш разы на працягу года здзейсніў хатні гвалт, але пасля памірыўся з ахвярай.
Наталля Калпакова