Беларускія кардыяхірургі ўпершыню паспяхова выдалілі пухліну ў цяжарнай жанчыны
Пра ўнікальную аперацыю Міністэрства аховы здароўя паведаміла 8 кастрычніка. Хірургі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія» правялі яе яшчэ чатыры месяцы таму — на сэрцы маці з дзіцём ва ўлонні.
Як растлумачылі ў ведамстве, гэта была першая такая аперацыя ў гісторыі беларускай медыцыны. У чэрвені 2025 года, калі дзіцяці было толькі 23 тыдні ад зачацця, дактары знайшлі ў левым перадсэрдзі жанчыны міяксому — дабраякасную пухліну, якая магла выклікаць тромбаэмбалію, інсульт або інфаркт і пагражала жыццю і маці, і дзіцяці.
Каб выдаліць утварэнне, спецыялісты правялі складаную аперацыю на адкрытым сэрцы з выкарыстаннем штучнага кровазвароту. Дзякуючы зладжанай працы каманды з РНПЦ «Кардыялогія» і РНПЦ «Маці і дзіця» на 23‑м тыдні цяжарнасці пагрозлівую сітуацыю ўдалося паспяхова вырашыць. Аперацыю праводзіў кардыяхірург Яўген Касцюковіч.
Па інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, аперацыя і пасляаперацыйны перыяд прайшлі без ускладненняў. Жанчына бяспечна данасіла цяжарнасць да 38 тыдняў. 2 кастрычніка ёй зрабілі планаванае кесарава сячэнне, і на свет з’явіўся здаровы хлопчык вагой 3230 грамаў і ростам 52 сантыметры.
8 кастрычніка маці і дзіця былі выпісаныя дадому ў добрым стане.
Чытайце таксама:
Жанчыне, якой тэрмінова патрэбна аперацыя, не даюць дазволу на яе легчы
Хірурга з Оршы асудзілі за палітыку. Хутчэй за ўсё, па справе Гаюна