Рэйс «Белавія» з Мінска ў Анталью экстранна прызямляўся ў Саратаве
Самалёт авіякампаніі «Белавія», які ляцеў з Мінска ў турэцкую Анталью, быў вымушаны зрабіць экстранную пасадку ў расійскім Саратаве з-за таго, што двум пасажырам стала дрэнна падчас палёту. Як даведалася выданне «Люстэрка», інцыдэнт адбыўся 6 верасня.
Саратаўскі аэрапорт «Гагарын». Фота ілюстрацыйнае
Паводле даных сэрвісу Flightradar, самалёт Boeing 737‑500 (EW-290PA) адхіліўся ад маршруту і прызямліўся ў саратаўскім аэрапорце «Гагарын».
Як паведамляе тэлеграм-канал Aviaincident, каля 4:50 экіпаж паведаміў дыспетчарам пра праблему на борце і праз некалькі хвілін прыняў рашэнне зрабіць пасадку. Па прыбыцці самалёт запытаў хуткую дапамогу. Медыкі агледзелі аднаго з пасажыраў і накіравалі яго ў бальніцу.
Прыкладна праз 30 хвілін пасля пасадкі самалёт працягнуў палёт у Анталью, дзе паспяхова прызямліўся.
Цікава, што за тры дні да гэтага на тым жа самалёце адбыўся аналагічны выпадак: падчас рэйса з Мінска ў Егіпет (Эль-Аламейн) самалёт таксама быў вымушаны прызямліцца ў Дамадзедаве праз хваробу аднаго з пасажыраў.
Чытайце таксама:
«Белавія» аднаўляе рэйсы з Магілёва ў Егіпет
Самалёт «Белавія» зрабіў аварыйную пасадку ў Маскве
«Белавія» адкрыла продаж квіткоў на Шры-Ланку. Колькі каштуюць?