82‑гадовая кітаянка лячылася жывымі жабамі. Гэта ледзь не вылезла ёй бокам
У Кітаі 82‑гадовая жанчына з правінцыі Чжэцзян трапіла ў бальніцу пасля таго, як праглынула восем жывых жаб, піша выданне South China Morning Post.
Фота ілюстрацыйнае
Пенсіянерка пакутавала ад болю ў спіне і паверыла ў народны сродак, што жабы нібыта дапамагаюць пры грыжы міжпазваночных дыскаў. Не паведамляючы сям’і пра свае намеры, яна папрасіла сваякоў налавіць дробных жаб і праглынула іх сырымі — тры ў першы дзень і яшчэ пяць на наступны.
Праз некалькі дзён жанчыну пачаў мучыць моцны боль у жываце, яе даставілі ў бальніцу. Медыкі выключылі пухліну, але ўбачылі прыкметы паразітарнай інфекцыі. Даследаванні засведчылі наяўнасць паразітаў, у тым ліку спарганоза, які з'яўляецца пасля ўжывання ў ежу сырых жаб.
Дактары адзначылі, што сырыя жабы могуць утрымліваць небяспечныя бактэрыі і таксіны, якія выклікаюць параліч, парушэнні сэрцабіцця або сур’ёзныя інфекцыі. У гэтым выпадку, аднак, абышлося. Пасля двух тыдняў лячэння пажылую жанчыну выпісалі з бальніцы.
Дактары кажуць, што падобныя выпадкі ў Кітаі не рэдкасць: некаторыя людзі, асабліва пажылыя, ужываюць сырыя часткі жывёл або прымяняюць жабячую скуру для «лячэння», што можа прывесці да цяжкіх наступстваў — у тым ліку інфекцый, страты зроку і пашкоджання мозгу.
Таму медыкі заклікалі насельніцтва не давяраць падобным народным «рэцэптам», якія распаўсюджваюцца ў інтэрнэце і сацсетках.
Чытайце таксама:
На дарогі Беларусі выйшлі натоўпы шэрых жабаў. Што робіцца?
У Лонданскім заапарку нарадзіліся 33 рэдкія жабяняткі — іх вынасілі таты
«Лічу сябе самым шчаслівым чалавекам на зямлі». Як жыве жанчына пасярод балота