БЕЛ Ł РУС

«Людзей прымушалі думаць, што нічога ніколі не зменіцца». Хто такі антыкамуніст Ласла Краснагаркаі, які атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры?

10.10.2025 / 9:12

Ф. Раўбіч

71‑гадовы Краснагаркаі вядомы сваімі раманамі з змрочнымі тэмамі і незвычайнымі доўгімі сказамі, якія часам займалі цэлую старонку. Пра яго жыццё ў сацыялістычнай Венгрыі і пасля яе, чытайце ў нашым артыкуле. 

Ласла Краснагаркаі. Скрыншот 24.hu

Ласла Краснагаркаі, паводле літаратурных экспертаў, быў галоўным прэтэндэнтам на перамогу, і толькі адна канкурэнтка — авангардная кітайская пісьменніца Цань Сюэ — магла змяніць вынік. Аднак, відаць, ёй давядзецца пачакаць.

Сёлета Нобелеўскі камітэт вырашыў прысудзіць прэмію венгерскаму пісьменніку, як гаворыцца ў прэс-рэлізе, «за яго пераканаўчую і празорлівую творчасць, якая ва ўмовах апакаліптычнага жаху зноў пацвярджае сілу мастацтва».

Нобелеўскі камітэт адзначае, што Ласла Краснагаркаі — аўтар эпічных твораў у традыцыях Цэнтральнай Еўропы, што цягнуцца ад Кафкі да Томаса Бернхарда і адрозніваюцца абсурдызмам і гратэскнай празмернасцю. Але ў яго ёсць і іншыя здольнасці: ён таксама звяртаецца да Усходу, набываючы больш сузіральны, тонка вывераны тон. 

Нацыяналістычнае прозвішча для яўрэя

Ласла нарадзіўся ў 1954 годзе ў невялікім гарадку Дзьюла на ўсходзе сацыялістычнай Венгрыі, каля самай мяжы з Румыніяй. Яго бацька Дзьёрдзь Краснагаркаі працаваў юрыстам, а маці Юлія — супрацоўніцай сацзабеспячэння. 

Прозвішча Краснагаркаі (менавіта так, бо венгерская мова мае фіксаваны націск на першы склад) мае яўную славянскую аснову. Насамрэч бацька Ласла мае яўрэйскае паходжанне — таямніца, якую ён раскрыў сыну толькі тады, калі Ласла споўнілася 11 гадоў. 

Як высветлілася, сапраўднае прозвішча дзядулі пісьменніка па бацьку было Корын. Але ў 1931 годзе ён змяніў яго на Краснагаркаі. Гэтае прозвішча мусіла адгукацца ў сэрцах венгерскіх нацыяналістаў. Пасля Першай сусветнай вайны Венгрыя страціла дзве траціны сваіх тэрыторый, і нацыяналістычны ўрад імкнуўся да іх вяртання. У той час была вельмі вядомая, невыносна сентыментальная песня пра замак Краснагаркаі — як называлі мясцовыя венгры замак Красна Гурка на поўдні сучаснай Славакіі, які адышоў пасля вайны да Чэхаславакіі. Гэты выбар дзеда, верагодна, збярог сям’ю ад Халакоста. 

Замак Красна Гурка на поўдні Славакіі, дзе яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя дамінавала венгерскае насельніцтва. Венгерская назва паслужыла сям'і пісьменніка абаронай у часы Халакосту. 

Спробы выслізнуць з сістэмы

У 18 гадоў пасля заканчэння гімназіі Ласла прызвалі ў армію, і гэта было сапраўдным пеклам для яго. Ён быў цалкам знішчаны, усе весяліліся ў начным цягніку, а ён не мог. Ласла знайшоў хлопца, які быў у такім жа стане, яны дамовіліся сустрэцца пасля. Але калі ён пайшоў навясціць свайго новага сябра, то заспеў таго ў момант самагубства — той стрэліў сабе ў рот. Краснагаркаі ў будучым зробіць усё, каб больш ніколі не патрапіць у гэтае пекла.

«Вайсковая служба для мяне была амаль смерцю. За ўвесь год я ні разу не атрымаў дазволу пакінуць лагер. Я не быў ні героем, ні пацыфістам, але калі ты знаходзіўся на варце, павінен быў стаяць там са зброяй і нічога не рабіць.

Часам да мяне падыходзіў афіцэр, і калі я ў гэты момант чытаў Кафку, я не мог спыніцца, бо Кафка быў цікавейшы за таго ідыёта-афіцэра.

Таму я пастаянна атрымліваў пакаранні і трапляў у лагерную турму. Гэта было не надта страшна, але азначала, што я ўсё роўна не мог атрымаць дазвол пакінуць лагер. І гэта было жахліва — быць там заўсёды», — успамінаў пісьменнік.

Каб пазбегнуць далейшай службы, Ласла паступіў ва ўніверсітэт вывучаць права. Бацька хацеў, каб ён пайшоў на юрыдычны факультэт, але быў упэўнены, што сын, якога цікавіла толькі мастацтва — літаратура, музыка, жывапіс, а таксама філасофія — адмовіцца. Як успамінае сам пісьменнік, галоўнай прычынай яго выбару быў Кафка, з якім ён пазнаёміўся занадта рана, калі яшчэ не мог зразумець сэнсу яго твораў, і да якога хацеў быць падобным.

Паводле афіцыйных звестак, Краснагаркаі вывучаў права спачатку, з 1973 па 1976 гг. ва ўніверсітэце ў Сегедзе, а затым ў 1976—1978 гадах — у Будапешцкім універсітэце імя Лоранда Этвёша. 

Ласла Краснагаркаі ў 1990‑м годзе. Фота: Wikimedia Commons

Праўда, сам пісьменнік расказвае зусім іншую гісторыю — усяго праз тры тыдні ён не змог выносіць атмасферу на юрыдычным факультэце і пакінуў не толькі яго, але і сам Сегед. Хаваючыся ад прызыву, ён вельмі часта змяняў месца жыхарства, жыў у вельмі бедных вёсках, і ў яго заўсёды была дрэнная праца. Ён перабраўся ў Будапешт, дзе, каб яго не забралі ў армію другі раз, стаў вывучаць рэлігію і філалогію. Экзамены было складана здаць, бо ён фактычна не вучыўся ва ўніверсітэце. Толькі з’яўленне праз чатыры гады дваіх дзяцей стала для яго палёгкай — гэта вызваляла яго аб вайсковага абавязку.

У 1977 годзе Ласла пачаў працаваць у выдавецтве «Gondolat» («Думка»). Тады ж у часопісе «Mozgó Világ» быў надрукаваны яго першы твор — «Tebenned hittem» («Я верыў у цябе»). 

«Гэта было першае апавяданне ў маёй пісьменніцкай кар’еры – і яно лёгка магло стаць апошнім» — расказваў Краснагаркаі ў адным з інтэрв’ю.

Як толькі ён пачаў публікаваць нейкія дробязі, яго адразу запрасілі ў паліцыю, дзе Ласла адмаўляў, што піша пра палітыку. Нарэшце яго цярпенне не вытрымала, і ён са злосці сказаў паліцэйскім: «Вы сапраўды можаце ўявіць, што я буду пісаць нешта пра такіх людзей, як вы?».

Гэта выбесіла паліцыянтаў, і ў Краснагаркаі адабралі пашпарт, пазбавіўшы магчымасці выезду за мяжу. Пісьменнік не меў аніякага пашпарта да 1987 года.

Ужо ў наш час ён знайшоў у дакументах тайнай паліцыі, што яго хацелі завербаваць як інфарматара ці шпіёна, але прызналі, што гэта немагчыма, бо ён антыкамуніст. 

Сатанінскае танга

У 1982 годзе Ласла кінуў сваю працу ў выдавецтве і стаў вольным пісьменнікам. У 1983 годзе атрымаў нарэшце дыплом па спецыяльнасці «венгерская мова і літаратура». Яго дыпломная праца была прысвечана жыццю і вопыту пісьменніка Шандара Мараі (1900—1989) пасля яго вымушанага выезду з камуністычнай Венгрыі ў эміграцыю ў 1949 годзе — тэма даволі падазроная для сацыялістычнай краіны, дзе пісьменнік быў прызнаны «буржуазным аўтарам».

Вызваліўшыся ад працы і ад вучобы, Краснагаркаі жыў у маленькіх вёсках і гарадах і так напісаў свой першы раман. Але ніхто, уключаючы яго самога, не ўяўляў, як можна было яго апублікаваць у сацыялістычнай Венгрыі, калі ў ім была гратэскная карыкатура на камуністычную сістэму.

Кадр з фільма «Сатанінскае танга». 

Дапамога прыйшла адкуль ніхто не чакаў — у 1985 годзе раман «Сатанінскае танга» (Sátántangó) быў надрукаваны ў адным з выдавецтваў сучаснай літаратуры, якое ўзначальваў былы начальнік тайнай паліцыі. Магчыма, тым самым ён хацеў нагадаць, што ўсё яшчэ мае нейкую ўладу. 

Гэты дэбют у вялікім жанры становіцца пачаткам цэлай літаратурнай філасофіі Ласла Краснагаркаі. Раман, які вызначыў асноўны эстэтычны і філасофскі кірунак усёй далейшай творчасці пісьменніка, адразу стаў адной з вяршынь венгерскай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. 

Дзеянне разгортваецца ў занядбанай вёсцы, якая ператварылася ў сімвал дэградацыі, разрухі і духоўнай спустошанасці. Насельнікі — спітыя, бедныя, безнадзейныя людзі, якія жывуць у поўнай ізаляцыі. Усё пачынаецца з чуткі: у вёску вяртаецца Ірым’яш, загінулы два гады таму прыгажун, які некалі стварыў эканамічны цуд у гэтых краях. Але ўваскрэслы можа быць кім заўгодна — збаўцам, ашуканцам або самім сатаной — аўтар робіць гэтыя варыянты роўнаверагоднымі. Яго імя пераклікаецца з прарокам Ераміем, якога называюць прарокам роспачы і спусташэння.

Праз апісанне маленькай вёскі аўтар паказвае мадэль позняга сацыялізму, дзе людзі пазбаўленыя волі, адказнасці і надзеі. Героі Краснагаркаі жывуць у стане постапакаліптычнага спакою, калі апакаліпсіс ужо адбыўся, а яны гэтага не заўважылі. Гэта кніга пра бязвыходнасць, закальцаваную ў часе.

«Не трэба чакаць апакаліпсісу, — кажа аўтар, — трэба зразумець, што мы ўжо ў ім жывём».

Сцэнарыст 

Кадр з амаль 7‑гадзіннага фільма «Сатанінскае танга». 

Адразу пасля выхаду дэбютнага рамана Краснагаркаі пачалася падрыхтоўка да экранізацыі яго на вялікім экране. Але праз падзенне сацыялістычнага рэжыму і палітычных пераўтварэнняў у Венгрыі праца заняла цэлых сем гадоў. Стужка працягласцю амаль сем гадзін — 415 хвілін — упершыню была паказана ў 1994 годзе і атрымала сусветнае прызнанне.

Яе рэжысёрам быў Бела Тар, з якім Ласла пачаў плённа супрацоўнічаць пасля 1984 года, хутка стаўшы яго «штатным» сцэнарыстам. Усе фільмы Тара пасля 1985 года былі знятыя па сцэнарах Краснагаркаі і з музыкай Міхая Віга. 

Вяршыняй іх творчага тандэма стаў фільм «Турынскі конь» (A torinói ló), які выйшаў у 2011 годзе. Стужка заваявала прыз ФІПРЭСІ і «Срэбнага мядзведзя» — гран-пры журы Берлінскага кінафестывалю, пасля чаго Тар назваў фільм сваёй фінальнай працай у кіно і завяршыў сваю кінакар’еру. 

Майстар Апакаліпсісу

Пасля «Сатанінскага танга» былі апублікаваныя зборнік навел «Апошняя ласка» (Kegyelmi viszonyok) і раман «Меланхолія супраціву» (Az ellenállás melankóliája), за якія Краснагаркаі атрымаў міжнароднае прызнанне — літаратурную прэмію ў Заходняй Германіі. У алегарычным рамане ён расказвае пра тое, як прыезд у неспакойны горад загадкавага цырку з адзіным атракцыёнам — кітом — запускае апакаліптычны хаос і становіцца алегорыяй навязвання звонку таталітарнай ідэалогіі.

Раман складаецца ўсяго з аднаго сказа, расцягнутага на 300 старонак.

Гэта была першая кніга Краснагаркаі, якая ў 1998 годзе была перакладзена на англійскую мову. 

Ласла Краснагаркаі. Фота: Wikimedia Commons

Ад амерыканскай пісьменніцы С’юзан Зонтаг, зачараванай яго кнігай, ён удастоіўся іншай узнагароды — прозвішча «Майстра апакаліпсісу», бо ў яго творчасці пераважаюць тэмы адчаю і заняпаду. Краснагаркаі апісвае грамадствы на мяжы краху, разбурэнне сусветнага парадку, даследуе постапакаліптычную тугу і меланхолію.

Натхненне Краснагаркаі для сваіх змрочных твораў, відавочна, знаходзіў у сацыялістычнай рэчаіснасці:

«Арганізацыя гэтага бясчасавага грамадства прымушала людзей думаць, што нічога ніколі не зменіцца. Увесь час адно і тое ж шэрае неба і бясколерныя дрэвы, паркі, вуліцы, будынкі, гарады, пасёлкі, жудасныя напоі ў барах, галеча і рэчы, пра якія забаранялася гаварыць уголас. Ты жыў у вечнасці. Гэта было вельмі прыгнятальна.

Маё пакаленне было першым, якое не толькі не верыла ў камуністычную тэорыю або марксізм, але і лічыла гэта смешным, сорамным.

Калі я перажыў канец гэтай палітычнай сістэмы, гэта было сапраўдным цудам. Я ніколі не забуду смак палітычнай свабоды. … Для мяне Еўрапейскі саюз азначае перадусім палітычную свабоду — супраць агрэсіўнай дурноты, якая цяпер стала богам Усходняй Еўропы», — дзяліўся пісьменнік.

Вакол свету

У 1987 годзе 33‑гадовы Краснагаркаі ўпершыню пакінуў Венгрыю, ён правёў год у Заходнім Берліне па праграме акадэмічнага абмену. Пасля падзення камуністычнага блоку ў канцы 1980‑х гадоў Краснагаркаі шмат падарожнічаў.

У 1990 годзе ўпершыню правёў працяглы час у Усходняй Азіі. Пра свае ўражанні ад Манголіі і Кітая распавёў у зборніку навэл «Палонны Ургі» (1992) і дакументальным раманам «Разруха і смутак у Паднябеснай» (2004), у якім ён даследуе, як сучаснае кітайскае грамадства ставіцца да сваёй старажытнай культуры і духоўнай спадчыны. З таго часу неаднаразова вяртаўся ў Кітай.

Па паўгода пісьменнік жыў і ў японскім Кіёта ў 1996, 2000 і 2005 гадах. Знаёмства з далёкаўсходняй культурай і эстэтыкай моцна паўплывалі на яго творчасць, гэтым уражаннямі быў натхнёны і яго раман «Сі-ван-му тут сярод нас» (Seiobo járt odalent) пра мастацтва і прыгажосць, у 17 раздзелах якога, выбудаваных паводле паслядоўнасці Фібаначы, Краснагаркаі паказвае мастакоў і творы розных эпох і краін, аб’яднаныя матывам японскай багіні Сі-ван-му.

Кнігі Ласла Краснагаркаі. 

Гэты ўсходні след стаў часткай сям’і пісьменніка. У гэты час, у 1997 годзе, Краснагаркаі ажаніўся ў другі раз — з Доркай, графічнай дызайнеркай і кітаязнаўцам, з якой мае трох дачок, мастацтвазнаўцу Кату (Каталін), актрысу Агнес і Пані. Нягледзячы на сусветную вядомасць і статус нацыянальнага генія ў Венгрыі, Краснагаркаі заўсёды трымаў асабістае жыццё далёка ад публічнасці. Ён рэдка казаў пра сям’ю, што толькі падштурхоўвала цікавасць чытачоў.

На працягу 1990‑х Ласла Краснагаркаі шмат падарожнічаў: на грузавым судне перасякаў Атлантыку і дабіраўся да Мадэйры, гасцяваў у мастацкай віле Вальдберта ў Мюнхене, бываў у Босніі, Італіі, Даніі, Англіі, Грэцыі, Францыі, Іспаніі і на Крыце — фактычна пабачыў палову свету. У гэты час, у пачатку дзевяностых, ён пачаў працаваць над раманам «Вайна і вайна». Першапачаткова яго цікавіла, што азначала паняцце «мяжа» для Рымскай імперыі, таму ён падарожнічаў па Еўропе ў пошуках руін і следаў ваенных умацаванняў. Краснагаркаі прызнаваўся, што заўсёды быў у дарозе, а сапраўдная праца над раманам пачалася толькі ў 1996 годзе ў Нью-Ёрку, дзе ён жыў у кватэры амерыканскага пісьменніка Алена Гінзберга, які стаў для яго сябрам і аказваў маральную падтрымку падчас напісання твора.

На шляху да Нобеля

Ласла Краснагаркаі хацеў напісаць усяго адну кнігу і пасля заняцца музыкай. Атрымалася іначай. Фота: Wikimedia Commons

Сусветнай вядомасці і Нобелеўскай прэміі па літаратуры не было б, калі б не пераклады твораў Краснагаркаі, вельмі добрыя пераклады — такія, якія з’явіліся ў пачатку 2010‑х. У 2012 годзе на англійскай мове выйшла «Сатанінскае танга», у 2013 — «Сі-ван-му тут сярод нас», які адзін за адным заваявалі Прэмію за найлепшую перакладную кнігу. Заходняя прэса высока ацаніла творы Краснагаркаі, адзначыўшы адметнае, захапляльнае бачанне і падкрэсліўшы выразны ўплыў Франца Кафкі і Сэмюэла Бэкета на яго творчасць — гэтыя ж імёны з’явяцца і ў заяве Нобелеўскага камітэта.

«Калі я не чытаю Кафку, я думаю пра Кафку. Калі я не думаю пра Кафку, я сумую па думках пра яго», — казаў, нібы пацвярджаючы гэтае меркаванне, сам пісьменнік. Але таксама ён прызнаваўся, што імкнуўся стварыць абсалютна арыгінальны стыль, быць свабодным і адысці як мага далей ад сваіх літаратурных продкаў — не станавіцца новым Кафкам, Дастаеўскім ці Фолкнерам.

У 2015 годзе Ласла Краснагаркаі атрымаў прэстыжную Букераўскую прэмію, якой узнагароджваюць аўтараў, што пішуць на англійскай мове або чые творы перакладзены на яе. Узнагароду яму ўручылі за заслугі ў літаратурнай творчасці. Старшыня журы Марына Уорнер назвала яго «візіянерам выключнай сілы і маштабу, здольным перадаваць фактуру сучаснага жыцця ў сцэнах, якія бываюць трывожнымі, дзіўнымі, смешнымі і адначасова ўзрушальна прыгожымі».

Гэта прызнанне стала сапраўдным паваротным момантам у яго творчай кар’еры — першай прыступкай да галоўнай літаратурнай узнагароды свету, Нобелеўскай прэміі.

Ласла Краснагаркаі з Букераўскай прэміяй. 

Цікава, што ўжо праз год Букераўскую прэмію атрымала карэйская пісьменніца Хан Ган, якая летась таксама стала нобелеўскай лаўрэаткай па літаратуры. І Краснагаркаі, і Хан Ган яднае не толькі высокая мастацкасць, але і духоўная блізкасць да традыцыі Франца Кафкі — творчасць абаіх аўтараў часта параўноўваюць з кафкіянскай у сваёй філасофскай глыбіні і адчуванні абсурду чалавечага існавання.

Сёння Краснагаркаі мае нямецкае грамадзянства і жыве пераважна ў Берліне ды Трыесце.

У свае 71 год ён застаецца пладатворным аўтарам.

У 2024 годзе ён выдаў раман «Herscht 07769», перакладзены на англійскую мову, у якім галоўны герой — чысцільшчык графіці ў Германіі — піша лісты Ангеле Меркель, спрабуючы папярэдзіць яе пра набліжэнне канца свету. На 400 старонках кнігі — толькі адна кропка.

У тым жа годзе з’явіўся і яго раман «Zsömle Odavan» — гісторыя электрыка на пенсіі, які хавае сваё каралеўскае паходжанне і жыве ў безыменнай венгерскай вёсцы, пакуль яго не знаходзяць тыя, хто імкнецца аднавіць манархію.

Ласла Краснагаркаі, які калісьці казаў, што мы ўжо жывём у апакаліпсісе, сёння можа бачыць таму пацверджанне: устанаўленне ўлады Орбана ў яго роднай Венгрыі, вайну Расіі супраць Украіны і — тое, што, як ён сам прызнаваўся, выклікала ў яго жах — абранне Дональда Трампа прэзідэнтам ЗША.

Чытайце таксама:

Нобелеўскім лаўрэатам па літаратуры стаў Ласла Краснагаркаі

Букмекеры назвалі двух галоўных фаварытаў на Нобеля па літаратуры

Хто такая Хан Ган, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры?

Каментары да артыкула