У сталічным гіпермаркеце паставілі разумныя вагі са штучным інтэлектам. Як працуе тэхналогія?
У гіпермаркеце на праспекце Пераможцаў паставілі «разумныя» фасовачныя вагі, якія аўтаматычна распазнаюць пакладзеныя на платформу прадукты.
Фота: Мінск-навіны
Як працуе навінка і ці можна давяраць штучным вачам, разбіраліся Мінск-навіны.
Паводле задумы, прылада павінна палегчыць і паскорыць працэс узважвання тавараў. Пакупнікам не трэба запамінаць і ўводзіць код для кожнай садавіны або гародніны, набіраць іх назвы ўручную ці шукаць у спісе — з усім справіцца штучны інтэлект.
Усталяваная над маніторам ваг камера захоплівае прадукты, якія кладуць на платформу, а сістэма аўтаматычнага відэаразпазнавання аналізуе выяву і прапануе варыянты па форме і колеры тавараў.
Паводле сцвярджэння вытворцы, прылада не толькі адрознівае гародніну, садавіну, цукеркі, сухафрукты, арэхі ці іншыя прадукты, але і лёгка навучаецца.
Нейрасетка запамінае зроблены пакупніком выбар і ўлічвае яго ў далейшай працы, таму кожнае новае ўзважванне робіць наступныя больш дакладнымі.
Ёсць у «разумных» ваг яшчэ адзін плюс — яны дапамагаюць пазбегнуць пераблытвання тавараў. Калі пакупнік або аператар касы няправільна ўказвае код тавару пры ўзважванні, у базе даных крамы ўзнікае блытаніна: аднаго тавару аказваецца лішак, а другога, наадварот, недахоп.
Такая сітуацыя можа ўзнікнуць не толькі з-за выпадковай памылкі, але і з-за наўмыснай падмены з боку пакупнікоў, якія ўзважваюць дарагія прадукты як танныя. Штучны зрок распазнае тавары з дакладнасцю да 99 %, што практычна цалкам выключае верагоднасць памылкі з-за чалавечага фактару, запэўнівае на сваім сайце вытворца «разумных» ваг.
Тэставанне «разумнай» тэхнікі пачалося, здавалася б, з самага простага — чырвонага яблыка.
І тут адразу здарыўся правал: вагі фрукт не распазналі наогул, не выдаўшы ніводнага варыянту. Наступнымі на платформу адправіліся круглыя памідоры ў пакеце — згодна з апісаннем, штучны зрок павінен распазнаваць тавары ў плёнцы, сетцы і цэлафане.
Выдаўшы на пару секунд варыянт «Памідоры сліўка», «разумная» тэхніка зноў задумалася… і зноў не прапанавала ніводнага варыянту.
На гэтым месцы можна было б зрабіць выснову, што тэхналогія зусім сырая і далёкая ад дасканаласці, але тут да ваг падышла пакупніца з кітайскім вінаградам «Шайн мускат». І цуд — буйныя зялёныя ягады вагі, нарэшце, распазналі.
Следам на платформу адправілася яшчэ адна гронка, ужо ў пакеце — і гэта прыладзе аказалася па сілах, а дакладней, па вачах. Эксперыменты з іншай гароднінай і садавіной працягваліся з пераменным поспехам. З шампіньёнамі праблем не было, плады інжыра штучны інтэлект распазнаваў праз раз, а вось мноства сартоў яблыкаў і вінаград для нейрасеткі аказаліся terra incognita.
Найлепш справы ішлі з бананамі — іх вагі вызначалі ва ўсіх выпадках. Справіліся вагі і з загорнутай у плёнку пекінскай капустай. Затое баклажан і чырвоная цыбуля не паддаліся ШІ, а грэцкія арэхі вагі ўпарта ідэнтыфікавалі як жоўтыя чэры.
У выніку, каб наклеіць этыкеткі на прадукты, іх назвы даводзілася набіраць уручную, а самі плады — даставаць з пакетаў. Сам працэс узважвання заняў яшчэ больш часу, чым на звычайных прыладах.
Як нярэдка бывае, задума добрая, але яе рэалізацыя кульгае — да чалавечых вачэй і рук высокім тэхналогіям пакуль яшчэ далёка.