Плануюць аб'яднаць беларускую «Е-Паслугу» і расійскія «Госуслуги»
10 кастрычніка дзяржаўны сакратар «Саюзнай дзяржавы» Сяргей Глазьеў пасля сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай у Мінску расказаў пра тое, як плануецца вырашыць праблемы, звязанай з верыфікацыяй SIM-картаў беларускіх грамадзян у Расіі.
Фота ілюстрацыйнае
Раней у Расіі патрабавалі, каб усе іншаземцы, у тым ліку беларусы, да 1 ліпеня перазарэгістравалі свае сім-карты, здаўшы біяметрычныя даныя. Гэта правіла тычылася і набыцця новых SIM-карт. У расіян працэдура праходзіла хутчэй — яны маглі зрабіць гэта дыстанцыйна праз партал «Госуслуги», а ў беларусаў такой магчымасці не было. Таму ўтвараліся чаргі і нязручнасці.
Паводле слоў Глазьева, цяпер праблему паступова вырашаюць: у Маскве і Санкт-Пецярбургу цяпер усе шматфункцыянальныя цэнтры адкрытыя для беларусаў, якія могуць падаць заяўку на перарэгістрацыю.
Таксама ён паведаміў пра планы аб'яднаць беларускі партал «Е-Паслугі» з расійскімі «Госуслугами», каб абедзве сістэмы маглі абменьвацца інфармацыяй. Калі гэта адбудзецца, беларусы змогуць перарэгістраваць сім-карты, не выязджаючы з Беларусі.