БЕЛ Ł РУС

Канец эпохі: MTV згортвае вяшчанне сваіх каналаў па ўсёй Еўропе

11.10.2025 / 21:48

Nashaniva.com

Тэматычныя каналы легендарнага MTV знікнуць у шматлікіх краінах ужо хутка.

Кампанія Paramount згортвае вяшчанне цэлай лінейкі каналаў MTV па ўсёй Еўропе.

Пасля 31 снежня 2025 года ў Вялікабрытаніі перастануць паказваць TV Music, MTV 80s, MTV 90s, Club MTV і MTV Live. Працягне вяшчанне толькі флагманскі MTV HD, які ўжо даўно сканцэнтраваўся на рэаліці-шоу, а не на музыцы.

Такі ж лёс чакае гледачоў не толькі ў Вялікабрытаніі. Тэматычныя каналы MTV перастануць паказваць у Аўстрыі, Бельгіі, Венгрыі, Германіі, Люксембургу, Нідэрландах і Польшчы, піша Broadband TV News.

У Paramount пакуль ніяк не пракаментавалі паведамленні аб спыненні вяшчання, але прадстаўнікі аператараў еўрапейскіх тэлевізійных платформаў пацвердзілі гэтую інфармацыю.

У паведамленні аб закрыцці пяці каналаў MTV гаворыцца, што гэты крок адлюстроўвае змяненне звычак гледачоў. У кампаніі заўважылі, што музычныя кліпы людзі цяпер у асноўным глядзяць на YouTube і ў сацыяльных сетках, а не па тэлебачанні, паведамляе Бі-бі-сі.

Вяшчанне каналаў MTV збіраюцца згарнуць не толькі ў Еўропе, але і ў Бразіліі і Аўстраліі. Медыяхолдынг казаў пра планы скараціць выдаткі па ўсім свеце на 500 мільёнаў долараў.

Тэлеканал MTV з'явіўся ў ЗША ў 1981 годзе і стаў культавым для многіх пакаленняў гледачоў па ўсім свеце.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула