Вызваленне ізраільскіх закладнікаў пачнецца а 8‑й гадзіне
З’яўляюцца новыя падрабязнасці аб тэрмінах вызвалення ізраільскіх закладнікаў групоўкай ХАМАС. Яно будзе праходзіць у два этапы.
Ілюстрацыйнае фота ад 22 лютага, калі быў вызвалены Таль Шахам. Фота: Jehad Alshrafi / AP
Чакаецца, што першая група закладнікаў будзе перададзеная а 08:00 па мясцовым часе (а 8‑й па беларускім таксама) ў калідоры Нецарым, астатнія жывыя закладнікі будуць вызваленыя а 10:00 у Хан-Юнісе, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на ізраільскія СМІ.
Некаторыя сем’і закладнікаў папрасілі пачаць рух да базы Рэім на мяжы з сектарам Газа да чаканага вызвалення сваіх блізкіх.
У Ізраіль лятуць Дональд Трамп і некаторыя еўрапейскія лідары.
ХАМАС пазней апублікаваў фота 20 закладнікаў, якія сёння павінны быць вызваленыя.