БЕЛ Ł РУС

У Мінску плануюць збудаваць новы праваслаўны храм

13.10.2025 / 15:20

Nashaniva.com

У Мінску плануюць пабудаваць новы праваслаўны храм. Ён размесціцца на скрыжаванні вуліц Янкі Брыля і Гурскага ў Маскоўскім раёне.

На гэтым этапе мінчан запрашаюць абмеркаваць архітэктурна-планіровачную канцэпцыю аб’екта. 

Плошча ўчастка, на якім мяркуецца размясціць храм Іаана Кранштацкага, — 0,48 га. З паўночна-заходняга боку да яго прымыкае тэрыторыя з офісным будынкам, з паўночнага — вуліца Гурскага, з паўднёвага — вуліца Янкі Брыля.

Вось як апісваецца архітэктура будынка: архітэктурна-мастацкае рашэнне і аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма грунтуюцца на традыцыях візантыйскага храмавога дойлідства. Формы асноўных архітэктурных элементаў вызначаюцца праваслаўнай традыцыяй і сімволікай.

Замоўцам будаўніцтва выступае прыход храма праведнага Іаана Кранштацкага ў Мінску Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

«Новы храм стане культурным і духоўным цэнтрам Маскоўскага раёна, у прыярытэце якога будзе ажыццяўляцца духоўна-асветніцкая праца па захаванні і развіцці хрысціянскай культуры грамадства, умацаванні праваслаўных традыцый, фарміраванні сярод насельніцтва здаровага ладу жыцця, патрыятычнаму і духоўна-маральнаму выхаванню дзяцей і моладзі», — гаворыцца ў абгрунтаванні.

Грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі аб’екта «Узвядзенне храма праведнага Іаана Кранштацкага паблізу скрыжавання вул. Янкі Брыля і вул. Гурскага ў г. Мінску» будзе праводзіцца з 20 кастрычніка па 4 лістапада ўключна.

Азнаёміцца з матэрыяламі можна на сайце адміністрацыі Маскоўскага раёна. А заўвагі і прапановы прымаюцца ў пісьмовай форме, у тым ліку па электроннай пошце.

Нагадаем, што ў пачатку вуліцы Гурскага знаходзіцца вядомая пратэстанцкая царква «Божай ласкі» хрысціян веры евангельскай

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула