У ChatGPT можна будзе генераваць эротыку
Кампанія OpenAI, якая працуе ў галіне штучнага інтэлекту, плануе пашырыць спектр кантэнту, які стварае яе чат-бот ChatGPT. Паводле слоў кіраўніка OpenAI Сэма Альтмана, кампанія вырашыла «ставіцца да дарослых карыстальнікаў як да дарослых» і, у ліку іншага, дазволіць чат-боту генераваць эратычныя матэрыялы, піша BBC.
У сваім допісе ў сацсетцы X Альтман напісаў, што наступная версія ChatGPT, якая выходзіць у снежні, не будзе абмяжоўваць адкрыты кантэнт і будзе «дазваляць больш, напрыклад, эротыку для верыфікаваных дарослых».
«Калі вам трэба, каб ChatGPT адказваў вам зусім як чалавек, ці выкарыстоўваў процьму эмодзі, ці ж паводзіў сябе як сябар, ChatGPT павінен гэта рабіць (але толькі калі вы сапраўды гэтага хочаце, а не таму, што мы спрабуем нарасціць аб'ёмы выкарыстання)», — піша Альтман.
Падобны крок нядаўна зрабіла кампанія Ілана Маска xAI, якая забяспечыла свой Grok двума чат-ботамі, што выдаюць адкрыты сексуальны кантэнт.
Дазвол эратычнага кантэнту можа прыцягнуць у OpenAI больш платных падпісчыкаў. Але ён таксама здольны прымусіць заканадаўцаў увесці больш жорсткія абмежаванні ў працы чат-ботаў.
Пытанні аб кантролі над чат-ботамі
Апошнім часам гучыць усё больш заклікаў звярнуць увагу на працу платформаў, заснаваных на штучным інтэлекце.
Бацькі 16‑гадовага амерыканскага падлетка Адама Рэйна, які скончыў жыццё самагубствам у красавіку гэтага года, падалі пазоў супраць OpenAI. Яны абвінавацілі кампанію ў неправамерным пазбаўленні жыцця.
Сужэнцы з Каліфорніі заявілі, што існыя ў ChatGPT механізмы бацькоўскага кантролю недастаткова эфектыўныя і не забяспечваюць бяспеку яго выкарыстання. У якасці доказу сваіх сцвярджэнняў сям'я падала копіі перапісак паміж Адамам і ChatGPT, у якіх ён прызнаецца, што задумваецца пра суіцыд.
У сваім допісе, апублікаваным 14 кастрычніка, Альтман заявіў, што OpenAI прадугледзела «значныя абмежаванні» ў працы ChatGPT для забеспячэння «асцярожнасці ў пытаннях псіхічнага здароўя».
«Мы разумеем, што гэта зрабіла яго менш карысным/прыемным для многіх карыстальнікаў, у якіх няма праблем з псіхічным здароўем, але, улічваючы сур'ёзнасць праблемы, мы хацелі зрабіць усё правільна», — сказаў пры гэтым Альтман.
Паводле яго слоў, у выніку кампанія змагла знізіць сур'ёзныя рызыкі для псіхікі і распрацавала новыя інструменты, якія дазваляюць «бяспечна аслабіць абмежаванні ў большасці выпадкаў».
Крытыкі лічаць, што рашэнне OpenAI дазволіць эротыку падкрэслівае неабходнасць больш строгага рэгулявання з боку дзяржавы.
«Як яны збіраюцца зрабіць так, каб дзеці не маглі атрымаць доступ да тых частак ChatGPT, якія прызначаны толькі для дарослых і ўтрымліваюць эротыку? — пытаецца Джэні Кім, партнёр юрыдычнай фірмы Boies Schiller Flexner. — Open AI, як і большасць буйных тэхналагічных кампаній у гэтай сферы, проста выкарыстоўвае людзей як паддоследных трусоў».
Кім таксама бярэ ўдзел у судовым працэсе супраць кампаніі Meta, якой належыць сетка Instagram: пазоўнікі сцвярджаюць, што алгарытм дадатку наносіць шкоду псіхічнаму здароўю падлеткаў-карыстальнікаў.