БЕЛ Ł РУС

«Мы ў 25 разоў большыя». Генсак НАТА заклікаў не перабольшваць вайсковы патэнцыял Пуціна

16.10.2025 / 16:53

Nashaniva.com

Краіны НАТА могуць эфектыўна стрымліваць Расію, бо маюць вайсковую і эканамічную перавагу над Масквой, заявіў генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Марк Рутэ.

Марк Рутэ. Фота: Dursun Aydemir/Anadolu via Getty Images

«Мы ў 25 разоў большыя за Расію. Агульны аб'ём эканомікі NATO складае $50 трыльёнаў, а Расіі — $2 трыльёны. Гэта не больш, чым штат Тэхас», — сказаў Рутэ, адказваючы на пытанне карэспандэнта The Moscow Times.

Ён заклікаў «не пераацэньваць» вайсковы патэнцыял Расіі. Па словах генсака НАТА, расійскія пілоты «не атрымалі поспех у кіраванні» знішчальнікамі, а капітаны караблёў «не ведаюць, як апусціць якар».

Пры гэтым НАТА на працягу 70‑80 гадоў супрацьстаіць Расіі і ўмее правільна рэагаваць на правакацыі, падкрэсліў генеральны сакратар.

Ён таксама адзначыў, што сілы Паўночнаатлантычнага альянсу атрымалі паўнамоцтвы збіваць расійскія самалёты, якія ўрываюцца ў паветраную прастору краін блока, але толькі калі яны ўяўляюць пагрозу.

«Я думаю, што гэта важна, і рускія гэта ведаюць», — падкрэсліў Рутэ.

Ён заклікаў давяраць вайскоўцам альянсу, у якіх ёсць усё самае лепшае, і «не ўспрымаць занадта сур'ёзна расіян».

У той жа час Рутэ адзначыў неабходнасць выдаткоўваць больш сродкаў на абарону, бо Пуцін, як паказвае вайна ва Украіне, гатовы ахвяраваць мільёнам чалавек і напасці на краіны альянсу.

Чытайце таксама:

«Паляванне на найбліжэйшага механіка». Марк Рутэ пасмяяўся з Расіі праз паломку яе падводнай лодкі

НАТА паабяцала выкарыстоўваць для абароны ад Расіі ўсе сродкі

Марк Рутэ абвясціў пра запуск спецыяльнай праграмы НАТА для абароны ўсходняга флангу альянсу

Генсак НАТА: Эканоміка Расіі не большая за эканоміку Тэхаса, не трэба баяцца

Каментары да артыкула