У Іспаніі падчас перавозкі на выставу таямніча знікла карціна Пабла Пікаса
У Іспаніі таямніча знікла карціна Пабла Пікаса «Нацюрморт з гітарай» (1921), якая перавозілася з Мадрыда ў Гранаду для выставы ў фондзе CajaGranada. Паліцыя разглядае як магчымасць выпадковага губляння, так і наўмыснага крадзяжу, паведамляе Euronews.
Пабла Пікаса. Нацюрморт з гітарай. Фота: Wikimedia Commons
Карціна павінна была стаць часткай выставы «Нацюрморт. Вечнасць нежывога», якая адкрылася 8 кастрычніка. Аднак маленькая работа памерам 12,7 × 9,8 см не дайшла да месца прызначэння.
Па факце знікнення фонд падаў заяву 10 кастрычніка, расследаванне вядзе спецыяльная брыгада па ахове гістарычнай спадчыны Нацыянальнай паліцыі. На гэты момант карціна не знойдзена, а арыштаў не было.
Карціну перавозіла кампанія, якая спецыялізуецца на транспартаванні мастацкіх твораў. Яна была закрытая на складзе 25 верасня разам з іншымі карцінамі для сумеснай дастаўкі ў Гранаду. Паездка пачалася 2 кастрычніка, а 3 кастрычніка работы даставілі ў Культурны цэнтр Гранады. Падчас падарожжа карціны на ноч знаходзіліся ў муніцыпалітэце Дэйфонтэс — гэты момант з’яўляецца ключавым для расследавання.
Праблема ўзнікла з-за таго, што ўпакоўка не была належным чынам пранумараваная, таму падчас распакоўкі 6 кастрычніка куратарка Марыя Тараль і кіраўнік выставы заўважылі, што работы Пікаса няма. Камеры відэаназірання за выхадныя не зафіксавалі ніякіх падазроных дзеянняў.
Выстава, на якой прадстаўленыя 58 твораў з прыватных калекцый такіх мастакоў, як Хуан Грыс, Рэнэ Магрыт і Рафаэль Сабалета, будзе адкрытая да 11 студзеня.
Чытайце таксама:
У доме Джэка Нікалсана заўважылі карціну, падобную да «Евы» Суціна. Што за яна?
Музей вярнуў карціну Шагала ўладальнікам праз 70 гадоў. І атрымаў $4 мільёны кампенсацыі
Італія раскрыла агульнаеўрапейскую сетку па вырабе і продажы падробленых твораў мастацтва