Пуцін і Трамп могуць сустрэцца цягам двух тыдняў
Сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Расіі ў Будапешце можа адбыцца цягам двух тыдняў. Такі тэрмін у Белым доме, адказваючы на пытанні журналістаў, назваў Дональд Трамп.
Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы на Алясцы 15 жніўня 2025 года. Фота: Jae C. Hong / AP
«Я б сказаў, цягам двух тыдняў. Даволі хутка. Марка Рубіа збіраецца сустрэцца са сваім калегам, як вы ведаеце, Лаўровым. І яны сустрэнуцца даволі хутка. Яны збіраюцца прызначыць час і месца ў самы бліжэйшы час. Магчыма, ужо прызначана. Яны ўжо гаварылі пра гэта», — сказаў ён.
Учора адбылася тэлефонная размова Трампа і Пуціна. Адной з тэмаў размовы была перадача Украіне Вашынгтонам ракет «Тамагаўк».
Памочнік Пуціна Юрый Ушакоў заявіў, прэзідэнт Расіі ў размове з Трампам заявіў, што магчымая пастаўка ракет «Тамагаўк» нанясе істотную шкоду адносінам дзвюх краін, не кажучы ўжо пра перспектывы ўрэгулявання ва Украіне», — заявіў Ушакоў.
На ўдакладняючае пытанне, ці прыме Трамп рашэнне аб пастаўках гэтых ракет ва Украіну да сустрэчы з Пуціным, Ушакоў адказаў так: «Трамп згадаў, што ён заўтра сустракаецца з Зяленскім, і сказаў таксама, што падчас кантакту з Зяленскім ён улічыць тыя меркаванні, якія былі выказаныя прэзідэнтам Расеі падчас сённяшняй тэлефоннай размовы».
Потым Трамп сказаў журналістам, што «Тамагаўкі» патрэбныя самім Штатам: «Нам таксама патрэбныя «Тамагаўкі» для Злучаных Штатаў Амерыкі. У нас іх шмат, але яны нам патрэбныя. Мы не можам высільваць нашу краіну. Яны вельмі важныя. Яны вельмі магутныя. Яны вельмі дакладныя. Яны вельмі добрыя. Але яны нам таксама патрэбныя. Я не ведаю, што мы можам з гэтым зрабіць».
Меркавалася, што перадача «Тамагаўкаў» будзе абмяркоўвацца сёння ў Белым доме на сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім.