Цана на золата пераадолела адзнаку $4300. З пачатку года рост на 65%
У ноч на 17 кастрычніка золата ўстанавіла новы гістарычны рэкорд, перавысіўшы $4300 за тройскую унцыю. На 9:30 пятніцы яно і зусім было $4358.
Osaka / Wayne Studio / Getty Images
У панядзелак, 13 кастрычніка, ф’ючарсы на золата ўпершыню ў гісторыі пераадолелі адзнаку ў $4100 за унцыю, а ўжо ў сераду ўзялі планку ў $4200. Сёння ўжо 4300.
Аналітыкі адзначаюць, што метал дэманструе найлепшы штотыднёвы рост за апошнія пяць гадоў. За тыдзень ён дадаў каля 8%, а з пачатку года рост склаў 65 працэнтаў.
Цэны на золата аднавілі рост пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп анансаваў увядзенне 100‑працэнтных пошлін на экспарт з Кітая. Інвестары баяцца, што гандлёвая вайна паміж ЗША і Кітаем аднавіцца. Традыцыйна золата разглядаецца інвестарамі як сродак захавання капіталу ў перыяды нестабільнасці.
*Тройская унцыя — адзінка вымярэння масы, якая роўная 31,1034768 грама. Названа ад французскага горада Труа, які ў Сярэднявеччы быў важным цэнтрам міжнароднага гандлю. Унцыя ў харчовых прадуктах складае 29,5 грама.